Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 26

Алесь Разанаў

Мур мудры: ён стаіць нерухома на аднойчы выбраным месцы, на скрыжаванні жыцця і смерці, вайны і міру, вартуючы тое, што адышло ў іншае вымярэнне,— і веліч Рыма, і няўрымслівасць Наваградка.

Пад мурам зелянее трава-мурава.

Па муры рупшаюцца мурашы.

На мур прызямляецца, каб перадумаць свае марудныя думкі, крумкач.

Над мурам грувасціцца гурма хмар.

Гняздо

Высока ў галінах дрэў ці недзе нізка, на самым доле, месціцца заснаваны птушкамі дом — гняздо.

Гняздо — тая кропка, дзякуючы якой пераарганізоўваецца прастора, той магніт, які дазваляе птушкам ляцець далёка — наўздагон за мінулым летам — і здалёк знаходзіць дарогу назад, той цэнтр, у якім у згодзе паміж сабою з'ядноўваюцца скрыжаванне і раздарожжа, дно і бяздонне, доўжкі і шыркі, тое, што ёсць насампраўдзе, і тое, што мроіцца, што прадчуваецца, што здаецца.

Той, хто глядзіць на гняздо, бачыць, што яно робіцца з галінак, з пуху, з травы альбо з гліны — з ўсёй той «аздобы», што можна знайсці ў наваколлі, той, хто раздумоўвае пра гняздо, разумее, што яно нараджаецца — «генезіцца» — з саміх птушак, з іхняй інтуіцыі, з іхняй існасці — падобна таму, як нясуцца яйкі і выводзяцца птушаняты.

Гняздо затуляе сваіх жыхароў ад непагадзі.

У гняздзе жыццё спасцігае азы жыцця.

Сані

Прытуліўшыся да сцяны вазоўні, сані спяць і вясною, і летам, і восенню і сняць тую пару, калі ўсё наваколле засцелецца снегам, калі настане «санчас».

Тады ім адчыняюцца дзверы ў шырокі свет, тады яны маюць пашану, тады аднаўляецца іхняе існаванне, тады яны вяртаюцца ў свой «санавіты» стан і пішуць на белай аснове свае няўрымслівыя высновы.

З узнёсла выгнутымі насамі сані нясуцца ў белы абсяг, і хто ведае, ці іх за сабой цягнуць коні, ці яны самі прыспешваюць іх.

Сані наскія, ім знаёмыя ўсе мясціны: і дзе ў лесе стаіць дрыўняк, і дзе на балоце — сена.

Нагружаныя, сані насілу, сантыметр за сантыметрам, сунуцца ў двор, і нішто астатняе ў гэты час іх не займае, але вольныя — імкліва і лёгка ўлятаюць у санет і санату.

Боты

Боты падобныя між сабою, «абое рабое», і калі адзін бот ні мне, ні табе, то абодва — здабытак.

Яны ступаюць абапал упатаемненай лініі руху і ніколі не блытаюцца, каму трэба ступіць перш, каму — потым.

Боты ўбіваюцца ў балота, блукаюць па абалонні альбо ўбоўтваюцца ў брод — гэтакая іхняя будняя работа, але калі настае свята — субота альбо нядзеля, боты чысцяцца, боты абнаўляюцца, і ўсе бачаць: боты не ўбоства, а боства, не брудната, а любата.

Ва ўсіх абставінах у ботаў адна галоўная турбота — каб той, хто іх мае, не быў блазнотаю, не быў басотаю, нібы бусел-бацян, а быў як след «абсталяваны».

Пляма

Пляма, як запаленая лямпа, аб'яўляецца сваім колерам, формай, абсягам. На яе ўсе звяртаюць увагу, аб ёй плямкаюць і плявузгаюць і паказваюць на яе пальцамі, і тое поле, якое аблямоўвае яе, саромеецца яе, як сваёй заганы.

Пляма пляскатая, але калі хто спрабуе пазбавіцца ад яе гвалтам, не ўлічваючы яе глыбокіх асаблівасцяў, пляма ператвараецца ў яму, якая не мае ні дна, ні паверхні.

Нібы аплявуха, пляма ўлепліваецца ў аблічча прадметаў, даводзячы ім, што яны не такія ўжо і нявінныя, і, нібы лямант, апелюе да тых, хто чуе, што на самой справе звыклая ўсім рэчаіснасць не лемантар, дзе ўсё вядома і проста, а праблема, якая вымагае вырашэння.