Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 27

Алесь Разанаў

Гонар

Гонар, як горан: ён асвятляе і грэе чалавека і дапамагае яму захаваць яго сапраўднае аблічча, яго чалавечы ранг у той час, калі абставіны намагаюцца раскласці яго на атамы і малекулы, утаптаць у гразь, але тады, калі чалавек, як Богу, дазваляе гонару ўгрунтоўвацца ў нораў і ў розум і, як Бога, слухаецца яго, гонар «іграе» на чалавеку і «прайграе» яго.

Гонар горнецца ўгору і гэтым сваім «горненнем», быццам нарогам, пераарганізоўвае рэчаіснасць на нізкую і высокую, «гарную» і пагарджаную, ігнараваную і вітаную і, атрымліваючы ад адной часткі пераарганізаванай рэчаіснасці гарантаваную ўзнагароду, атрымлівае ад другой грона гарантаванай непрыязнасці і пагроз.

Нібы месяц маладзік ці ветах, гонар мае рогі, і яны, сведчачы аб яго «месяцовасці», разам з тым сведчаць аб яго непаўнаце.

Ад гонару — гора, але ў ім выгранёў- ваюцца грані грандыёзных намераў, гонар — загана, але ў ёй назапашваецца энергетычная гранула духу.

Купіна

Купіна выпукваецца з балота, нібы купал патанулай бажніцы.

Сярод аднастайнай застойнай і тупіковай масы, у якой купаецца купіна, яна акупунктурная кропка якасці, і калі на яе наступаюць, калі на яе націскаюць, гэта адчувае і на гэта адгукаецца ўвесь асяродак.

Купіна скупая: яна не дазваляе, каб тая унікальнасць, якую яна назапашвала і на-коплівала, размывалася і танула ў ніякай стыхіі.

Купіну акупоўваюць пукі сітніку, пукі асакі. Купіне адрасуюцца шматлікія кепікі і кпіны, але тым не менш усё, што мае сабе цану, пнецца на адзінае месца, дзе спаўна акупаецца іхняе колішняе паніжэнне,— на купіну.

Жолуд

Жолуд валодае надзвычайнай дужасцю, якая, як з шолудзяў, дазваляе яму вылузвацца з дужак усемагчымых абмежаванняў і нават з самога сябе.

З галіны векавечнага дуба — з галіны самой векавечнасці — жолуд падае ў дол, каб потым, адольваючы прыцягненне долу, цягнуцца да жаданага — да «жалуданага» — узроўню.

Жолуд луджаны: нібы палудай, ён атулены жоўта-рудой абалонкай; яна сцеражэ яго ад жуды сустрэчы з заўчаснаю рэчаіснасцю, і ў ёй доўжыцца яго засяроджанае вандраванне ў часе.

Жолуд — адменная ежа: і калі голад, і калі лад.

Пра таго, хто не ўмее паводзіцца ў жыцці, кажуць, што ён няўдалы, што ён недалужны; што да жолуда, дык ён заўжды ўдалы, заўжды «далужны».

З ВЯЛІМІРА ХЛЕБНІКАВА

* Чарот-вечарот На возераберазе, Дзе векамань — каменнем, Каменне — векаманню. На берагавозеры Чарот, вечарот, На вечараберазе Веча шумлівае. Конік Крылцуючы золатапісьмом Узорнай шаты, ўшат каваў У торбу брушка конік шмат Прыбярэжных траў і вер. — Пінь-пінь-пінь! — кулялёхнуў дзіндзівер. О, лебядзіва! О, азары! * Нем нямным луКае лукам У закрычані зары. Ноч кранае грозным гукам Душы цёмныя: «Гары!» Ды закрычань задрыжала, Узяла маўчанне ў шчыт — Ёй, стотварай і стоджалай, Мкнуцца боем на нябыт. Лук з рук падае ўпадаўнам, Праракуе немана, І ў знябожанні дзяржаўным Прочкі крыліцца яна. Заклён рогатам Рагачыце, рагачы! Рагачарце, рагачары! Рагачварце, рагачвары! Рагатніце рагатліва з рагатнёў, рагатуны! Рогаць, рогатань, урогат, Рагачутка, рагацень. Рагатулі, рагатуйце рагатункі! Зрагаторце Рагаторгі рагатнічым рагатнем, рагатары! Рагацвелы ўрагацвела рагацвеляць рагацелаў, Урагочваюцца ўрогач рагачверцы ў рагачме. Рогат рогатна рагоча рагатайнай рагатою. Рагатніны ў рагатніцу. Рагачыце, рагачы! Нетры Гайсалі кленічы і клічы І галас нетрамі стагнаў, Каб вострай дзідай паляўнічы Ляснога звера даканаў. Алень, алень, нашто нядужа Нясеш у рогах грому зык? На сцёгны ўпалі стрэлаў ружы, І непахіблівы разлік. Ён зараз зломіць ногі вобзем І скон заўважыць відарліва, І коні скажуць гутарлівае. «Не, недарэмна зграбных возім». Дарэмна рухам вабналюбым, Дзявоцкім хараством вачэй Ты адхіляўся ад загубы, Што дзіду ўзважвала ямчэй. Бліжэе конскае дыханне — Ніжэюць рогаў падарункі, І цецівы часцей хітанне: Няма аленю паратунку. Ды ў ім узнікла раптам грыва, Кіпцюр ільвіны вастраперсты, І бестурботліва гулліва Ён паказаў чапаць майстэрства. Яны без незгадзі і крыку Палеглі ў труны-карабы. Стаяў ён з постаццю ўладыкі, Глядзеў, як нікліся рабы. * Сланы біліся біўнямі так, Што здаваліся белым каменем Пад мастаковай рукою. Алені спляталіся рогамі так, Што здавалася, іх яднаў стараблівы шлюб З узаемнымі захапленнямі і ўзаемнай нявернасцю. Рэкі ўліваліся ў мора так, Што здавалася: Рука аднаго душыць горла другога. * У неба ўцяліся кінжалы — Два ясакары: гнуцца аж... І, расхінуўшыся, ляжала Нябожчыцай зямля наўсцяж. І замак белы, ўкляты ў пустку Сутоння, тоіць сны свае. Да залатога пяску спуску Вось шумна човен прыстае. І панна пройдзе пры сустрэчы, Абдыме косамі сваімі І рукі пакладзе на плечы, І ўсмешка адзавецца імем. Ён павядзецца ў вабы зморы, Ягоны зрэбны ўбор ёй люб. А раніцой пярэйме мора Яго шчаслівы ціхі труп. * Магутна-снежная краса, Дзе ў сны адплюшчваюцца вочы, Твая паўночная каса З'явілася мне ў час сурочы. Сваім узорам чорным вабіць З уцехі сплецены вянок — Яго груган пакінуў, мабыць, Чый шлях з самоты ўзяў выток. Абсяг заняўшы, гэты снег Ці не таму бялютка-весні, Каб чалавеку чалавек Быў гук нябёс, быў чутны песняй? * З цялёхканнем-свістам Птушкі прастору пажалі. Лістом трапятлівым Яны не кружлялі. І як высокае крыло Начнога птаха навальніцы, Бухмата воблака брыло, Сутонне сцелючы на ніцы. Цягліся нерушы і рушы За цёмна-зоймістым крылом. Ўцякач навукі крывадушша, Скакаў я змроку напралом. * Калі паміраюць коні — дыхаюць, Калі паміраюць травы — сохнуць, Калі паміраюць сонцы — яны згасаюць, Калі паміраюць людзі — спяваюць песні. * Сягоння зноўку я пайду Туды, на круг, на рух, на зовы, І войска песень павяду Ў міжбой з прыбоем кірмашовым. Маркотнае А стану сам сабе ліхі — Я ў залатое сонца рыну, Злучу святое і грахі, Адзенуся ў крыло-драбіну. Я ўмёр, я ўмёр, па латах кроў Памкнула веннаю Нявою. Ачнуўся я, інакш, ізноў Вас аглядзеўшы вокам воя. Курган На што ўпадуць татараў зіры — Нядужа клалася дадолу. Імкне сібір ва ўлонь Сібіры, Жанчын развопраўшы дагола. Курганны вой у сцігвах скону Сціскаў жалезны твар Габрая. Вакол свіст суслікаў, ліст клёнаў. Курганны дзень цячэ да краю. Цыган каня крадзе. Трывожыць Нюхлівых лісаў неба карта. Ляжыць суровы запарожац Пад курганом стагоддзяў варты. * Сядзіба ноччу, чынгісхань! Шуміце, сінія бярозы! Зара начная, заратустры! А неба сіняе, мацарць! Сутонне воблака, будзь Гоя! Ты ноччу, воблака, раопсь! Ды смерчы ўсмешак прашугалі, Іх рогат — крыкаў кіпцюры, Цямнілі ката цвінтары, Я азіраў нямыя жалі. І вас я выклікаў, нямыкіх, Вярнуў тапеліц з рэк сіла. Іх незабудка ў зніцмах крыку Начному ветразю цвіла. Яшчэ лінула суткі вось, Ідзе начная аграмада, Мне снілася дзяўчо-ласось У хвалях спеўных вадаспаду. Хай хвоі бурай абмамаены І хмары рухвяцца — Батыі, І словы йдуць — маўчанняў Каіны, І тыя падаюць святыя. І цяжкай хадой на каменны свой баль З дружынай блакітны ішоў Газдрубал. * Вецер — нямеча Са спеўным чалом. Няцерпіны меча Хутчэй быць мячом. Людзі галубяць дзень смерці, Быццам любімы цмен-квет. У струны вялікіх, паверце, Грае Усход неўпрыкмет. Мажліва, нам новую гордасць Чароўца зіхатлівых гор дасць, І, многіх людзей праваднік, Я розум надзену, як белы ляднік. * І чорны рак на місцы белай Злавіў блакіту каласы. І ў падрабязнасцях збуцвелых Адно застуда і хлусы. Ды вось знянацканы званок: «Мы пагібоша, акі обры!» Як Цэзар некалі, да ног Заслонай атуліся! Добра! Памры, мой родны. А акрэсліць Цябе розгляды паспрабуюць — Ты скажаш, песцячыся ў крэсле: «Я той, якога не турбуюць». Мае паходы Людзьмі напранутыя коні, Спаткаўшы мора, ў тупат дольні Назад шыбуюць, страх прадоння Дзіцячай водры неадольней. Ды Вера, поўная абіраў, Спазнае зноўку Ермака — Край, дзе замёр журлівы вырай, І здасца даўні замак А. Нябыту ўсплёск за гранню Веры Адкінуў люстранню мяне, Памор'я скрушныя прамеры. Кісцень разбойлівы прамне. * Кратае сінія дрэвы кіпцюр Ціхай, зіркастай вады. Вецер кідае цур і няцур, Ціха стаяць невады. Дыхае мглістасцю ява, Дзесьці без гора-прычыны Выраслі ўпору хлопец смуглявы, Поруч дзяўчына. Дрыготка шорсткая асокаў, Ракі патайныя размовы, А хтосьці бледны і высокі Стаіць, аднолькавы з дубровай. Месяцавае святло Сін, сын сінечы, сей спрадвечныя сны і сілы на сёлы і сад. Цураючыся дня, царуй, чарай блакітнага віна ча руй землежыхара, што, быццам хваля, падае адной нагою услед другой. Мае крокі, крокі смяротнага, — чароды хваляў. Я купаю смяротныя мае валасы у блакітнай вільзе тваёй злівы і раптам усклікваю, руй нуючы чары: плошча, апісаная простай лініяй, што лучыць Зямлю і сонца, у 317 дзён, раўняецца плошчы прастакутніка, адзін бок якога — папярочнік Зямлі, а другі — шлях, што праходзіць святло за год. І вось у маім розуме ўзыходзіш ты, святаісная лічба 317, сярод аблокаў няверачых у яе. Струна la робіць 435 ваганняў у секунду. Удар сэрца — 70 разоў у хвіліну, у 317 разоў буйней. Пятрарка напісаў 317 санетаў у гонар каханай. Па германскім законе 1914 года у флоце павінна быць 317 суднаў. Паход Раждзественскага (Цусіма) быў праз 317 гадоў пасля марскога паходу Медыны Сідоніі ў 1588 годзе. Ангельцы ў 1588 і японцы ў 1905 годзе. Германская імперыя ў 1871 годзе заснавана праз 317X6 пасля рымскай імперыі у 31 годзе да Н. Хрыстова. Жаніцьба Пушкіна была праз 317 дзён пасля заручын. * Вясновага Карана Вясёлы багаслоў, Мой ясакар зледзьрана Чакаў святла паслоў. Як сонца рыбалоў, У засветную сінюю тоню Закінуўшы мярэжы, Ён ловіць рык валоў, І хмару ловіць соню, І навальніцы водар свежы. О ясакар зялёны, Рыбак, бадай, паставай, Ты стойма ўраспасцёр Зялёныя абоймы. І вось вясновы бог (Здзіўлены асяцёр) Ляжыць на кожнай лодцы Вільготнага ліста. І вусны просьба: «Неба дай» Зялёна растуліла. У моцы ловаў бога Вялікі Ясакар Ударам рога Ударыць аб абшар Спіртэчай сіняй сілы. Голад Чаму зайцы і лосі па лесе скачуць, Прочкі ўцякаючы? Людзі з'елі кару асіны, Ялінаў зялёныя парасці... Жанчыны і дзеці блукаюць па лесе, Збіраюць лісты бярозы Для варыва, шніткі, баршчу, Яловыя макаўкі і срэбраны мох, — Ежа лясная. Дзеці, разведчыкі лесу, Шастаюць па гаях, Смажаць у вогнішчы вусеняў тлустых, Капусту заечую, чарвякоў белуноў Альбо павукоў вялізных — яны саладзей за арэхі. Ловяць кратоў, яшчарак шэрых, Гадаў шыплівых страляюць з лука, Хлябцы пякуць з лебяды. За матылькамі ад голаду бегаюць: Цэлую торбу набралі, Будзе ў іх сёння матыльковая страва — Матулька зварыць. На зайца, што скача па лесе ласкавым скокам, Дзеці, быццам у сне, Як на светлага свету мрою, Захопленыя, глядзяць вачамі вялізнымі, Святымі ад голаду, Праўдзе не вераць. Але ён уцякае мрояю жвавай, Кончыкам вуха чарнеючы. Наўздагон яму страла паляцела, Ды позна — уежны абед паскакаў. А дзеці, зачараваныя, стаяць... «Матылёк, вунь, глядзі, паляцеў...» Лаві і бяжы! А там вунь блакітны!.. Пахмура ў лесе. Воўк прыцёгся здалёк На тое месца, дзе летась Ён з'еў ягня. Доўга круціўся, нібы дзіцячы ваўчок, Усё абнюхваў месца: Нічога не засталося — Парупіліся мурашы, — апроч капытка сухога. Змаркочаны, камлюкаватыя рэбры падцяў І ўцёк за лясы. Там цецерукоў чырванабровых, сівых глушцоў, Што паснулі пад снегам, будзе лапай Цяжкай душыць, абсыпаны пырскамі снегу... Лісічка, агнёўка пушыстая, На пень камячком умасцілася І разважала пра будучыню... Хіба сабакам стаць? Людзям на службу пайсці? Сетак напята многа — Кладзіся ў любую... Не, небяспечная справа. З'ядзяць рыжую ліску, Як з'елі сабак! Сабакі ў вёсцы не брэшуць... І стала лісіца пуховымі лапкамі мыцца. Узвеяўшы ўгору вогненны ветразь хваста, Вавёрка сказала, вуркочучы: «Дзе ж мае жалуды і арэхі? — З'елі людзі!» Ціха, празрыста, ужо вечарэла, Шалёстаннем ціхім з асінай Сасна цалавалася. Можа, назаўтра ссякуць людзі іх на сняданак. Прашчур Мяшок з цюленяў магутных на целе Паляўнічага, шырока ліюцца рыбінай скуры скамечаныя апоны. У чучале сухога асяцёра стрэлы З арлінымі пёркамі, драты тонкія й стрункія З каменем, крэменем, зубчастым на носе, і з параю пёрын арліных ахвосцем. Суровыя магутныя вочы, дзікія, жорсткія валасы ў паляўнічага. І лук у руцэ, са стралою напагатове, сцярожка выцягнуты наперад, Падобна воку бога ў сненні, гатовы рынуцца спеўнаю смерцю: дззі!.. На грубых дошках і рамянях ногі. * Людзі, конадні, гады Уцякаюць наўсягды, Быццам бруйвіны вады. Ў гнуткай люстрані прыроды Зоркі — невад, мы — чароды Рыбанельгі, рыбальгі, Цемры прывіды — багі.