Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 14

Алесь Разанаў

Грыб

Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.

Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.

Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.

Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «паграбовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.

Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем не так, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.

Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер.

Збан

Збан лепіцца з багны — з гліны, загартоўваецца на агні, а выпрабоўваецца ў штодзённым у жытку-побыце.

Калі збан парожні, ён адзываецца сваёю звонкаю іпастассю, калі поўны — глухой.

Як найбольшае багацце, як самую сваю душу, збан зберагае ўнутраную пустату: дзякуючы ёй, збан не хвілінная забаўка, а заўсёдны здабытак і можа зноўку і зноў напаўняцца ўсё новым змесцівам — вадою, віном альбо малаком.

Звычайна збан стаіць на стале, на паліцы альбо вісіць — калі сохне — на плоце, але варта яму ўзбунтавацца і ўпасці вобзем, ён тут жа разбіваецца і, пазбаўлены душы пустаты, становіцца грудаю ачаропкаў.

Ці гэта банкет, ці базар, ці любы іншы збор — усюды, дзе прысутнічаюць людзі, прысутнічае і збан.

Да збана чэпяцца забабоны, але ён не звяртае на іх увагі, ён безупынна абнаўляецца, і гэтае безупыннае абнаўленне аберагае яго і ад абагаўлення, і ад забыцця.

Пень

Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.

Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.