Читать «Дыялогі з Богам» онлайн - страница 6

Валянцін Акудовіч

* * *

Чалавек жыве залішне доўга. Я паступіў у інстытут у дваццаць пяць год, пабраўся шлюбам, здаецца, у трыццаць тры гады, прафесійна пачаў працаваць у літаратуры пасля сарака. Цяпер мне пяцьдзесят пяць, а я паспеў ужо і нажыцца, і выгадаваць дзяцей, і зрабіць у літаратуры значна болей, чым калісьці марыў (апошняе зусім не азначае, што я зрабіў у літаратуры шмат, аднак стасоўна юнацкіх мараў і часткі майго сённяшняга наробку было б даволі, каб пачувацца конча шчаслівым бажаволкам).

Дарэчы, тут нехта напэўна запярэчыць: маўляў, юнацкая мара не можа быць крытэрыем ні пражытага, ні здзейсненага. Магчыма... Але асабіста я не ведаю, што можна супрацьпаставіць гэтаму крытэрыю. Кажаце: ацэнкі крытыкаў, грамадства, урэшце, сябе самога сённяшняга... Не, усё гэта не ўяўляецца мне вартай мерай, раўнуючы юнацкую мару.

Дык вось, калі заданне юнацтва было выкананае, я зразумеў, што далей усялякае астатняе не мае асаблівага значэння. Бо чаго б ты яшчэ ні нагрувасціў — усё гэта ўжо факультатыў. Тое, што можа быць, але гэтаксама можа і не быць.

* * *

Як толькі я запэўніўся, што сваё юнацкае заданне ўжо выканаў, дык мне натуральна закарцела зазірнуць у спод апошняй шуфлядкі, дзе марнаваўся покатам той жыццядайны кантэкст, у якім спраўдзілася мая мара. Надзіва для самога сябе я пачуўся ўтульна ў тым, здавалася, назаўжды страчаным кантэксце, і больш за тое, гартаючы добра пажоўклыя старонкі, спакваля пачаў усведамляць, што, зрэпрэсаваны вонкі, ён зусім не знік дазвання, а ўсяго толькі перабёг з бурапенных вуліц, пляцаў і тагачасных праектаў у спраты маёй экзістэнцыі. І гэта менавіта ім (і адтуль, са спратаў) надыктаваныя многія з маіх значна пазнейшых інтэлектуальных рэфлексій (ды шмат чаго яшчэ).

Тады я і падумаў, што, можа, варта наноў пераніцаваць той даўні кантэкст трывогі і любові (сёння такія выразы і вымаўляць на людзях сорамна, бо ў эпоху нічыйнага мораку кожнае пафаснае слова абражае, як здрада добраму густу), каб нагадаць хаця б самому сабе, што некалі трывога за Беларусь і любоў да свабоды былі будзённай явай і табе ў той яве было ўтульна, як ніколі і нідзе.

З гэтага няўпэўненага роздуму я пакрысе пачаў збіраць да купы ўсё (часам ужо і друкаванае ў папярэдніх кнігах), што нагадвала мне пра тую бурапенную пару...

* * *

Вось так і атрымалася гэтая кніжыца, якой не мусіла быць.

2005

Зачын

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі:

— Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца.

І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі:

— Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў:

— Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці.

Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўрада. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць...