Читать «Дыялогі з Богам» онлайн - страница 8
Валянцін Акудовіч
І то праўда. У нас ёсць свая зямля, і на гэтай зямлі сам Пан Бог намі апякуецца.
Тады той, што заўпарціўся першым, кажа:
— Давайце апошні раз Яго папросім: каб нам усім нічога не хацелася.
Пасварыліся трохі, аднак папрасілі — і засталіся на сваёй зямлі. І што потым ні здаралася — злодзеі прыйдуць, халера ці канец свету, нам усё добра. Чужаніцы глядзяць на нас і нічога не разумеюць. Нават Той, які ўсё ведае, дзівіцца і часам перапыніць каго ды запытае:
— Можа, табе чаго-кольвек хочацца?
— Не, нічога не хочацца. Як яно ёсць, гэтак і добра.
— Ну дык і няхай сабе, — скажа. Але, перш чым зноў схавацца за хмурынку, будзе доўга чухаць патыліцу і нешта мармытаць сабе ў бараду.
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім...
Як я ўжо казаў, жылі яны чортведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі — каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што-што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым...
Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.
— Апамятайцеся, людзі, — накінуўся ён. — Зямля круглая, і таму неба ўсюды аднолькава высокае.
— Калі неба аднолькава высокае, дык чаму мы маленькія?! — упікнулі яго.
— Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя, — запэўніў ён.
— На ўсё боская воля,— нагадалі яму.
Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды...
Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.
Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі...
Аргумент
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той — з аргументам.
— Куды гэта вы, хлопцы? — шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.
Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены, бывае, гняўліва буркатне:
— А табе што за справа, абібок?!
І мы ішлі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сямутаму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх — гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?