Читать «Дыялогі з Богам» онлайн - страница 5

Валянцін Акудовіч

* * *

Між іншым, гэта толькі здаецца, што кантэкст для слова таксама тчэцца з словаў. Насамрэч кантэкст ствараецца з таго часу, у якім ты спеліш словы. А час тады (канец 80-х — пачатак 90-х) быў бурапенны. Рэвалюцыі, як навальніцы ў ліпені, здараліся амаль штодня. І, быццам грыбы пасля тых навальніцаў, адна за адной вырасталі на парэштках імперыі нацыянальныя дзяржавы. Была сярод іх і незалежная Беларусь.

У кантэксце паўставання айчыннай незалежнасці і распачыналася мая ўжо ўласна «беларуская проза». І пісалася яна не столькі дзеля сябе самой, колькі з мэтай мацавання кантэксту волі, які яе ствараў. Бо ўсё, што ў тую пару ні рабілася, — рабілася дзеля гэтага. Дарэчы, ніхто тады нікога не штурхаў да вызвольнай працы, вярэда свабоды і незалежнасці вырастала знутры цябе самога, як жарсць. І ўсё, што не падпадала пад пакліканне гэтай жарсці, быццам не існавала.

Мінула колькі год салодкага і вясёлага шаленства. За гэтыя гады мы змацавалі незалежнасць, але згубілі свабоду. І тады пачалася іншая эпоха... (Яна перакруціць нашыя жыцці гэткім адмысловым чынам, што іх ужо нішто і ніколі потым не выпрастае.) У адзін з пахмурных дзён той, ужо іншай эпохі я перачытаў усю сваю пісаніну і зразумеў, што яна створаная не столькі мною, колькі кантэкстам, і без яго (незваротна зніклага) не мае ніякага сэнсу.

— І хай сабе, — абыякава агучыў я сітуацыю і засунуў сваю пісаніну на спод самай апошняй шуфляды, каб потым не зазіраць туды шмат год.

* * *

Мая абыякавасць да таго, што некалі прынесла мне столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены — я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс — метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатняе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае «астатняе» хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала — гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.

Між іншым, яшчэ да таго, як я намацаў свой аўтэнтычны дыскурс, сам сабою знайшоўся цалкам тоесны мне жанр — эсэ. Напаткаўшы эсэ, я адразу зразумеў: і кшталт майго жыцця, і спосаб майго мыслення заўсёды былі наскрозь эсэістычныя. Гэтая сустрэча сталася, безумоўна, удачай, бо далёка не кожнаму літаратару выпадае патрапіць менавіта на свой жанр.

Далей, што б я ні пісаў (артыкул, канферэнцыйны выступ ці філасофскі трактат) — у мяне ўсё роўна атрымлівалася эсэ. Яны і склалі мае першыя тры кнігі («Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж» і «Код адсутнасці»). Больш за тое, апошнюю кнігу «Код адсутнасці».

Вось чаму ў мяне нават у думках не было хоць калі вяртацца да сваіх показак і прыпавесцяў, а тым болей пачаткаваць імі яшчэ адну кніжыцу. Але чалавек жыве залішне доўга, і з гэтага яму не хапае вачэй, каб пабачыць, што будзе з ім за даляглядам.