Читать «Дыялогі з Богам» онлайн - страница 2
Валянцін Акудовіч
Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць — зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.
Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».
Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».
* * *
Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна — але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў...
Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова — гэта не словы, мова перадусім — тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця... Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць — з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».
Пяць год у Маскве завяршылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расейскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізгвалі ў разрывы п’яной гамонкі. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомасць рускія словы.)
Разам з тым канчаткова «обрусившая» мяне Масква стварыла перадумовы майго будучага «нацыяналізму». Напрыканцы вучобы я вырашыў, што калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю ўсе мастацкія беларускія кніжкі (менавіта так — усе!). Цяпер я ўжо нават не памятаю, скуль тое жаданне ўзялося. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што, няблага засвоіўшы не толькі расейскую, але еўрапейскую і сусветную літаратуры, я, лічы, зусім не ведаю сваёй. Які ж з мяне тады прафесійны літаратар?
* * *
Як я ўжо казаў, у вартаўніцкіх каморках мне амаль не пісалася, затое выдатна чыталася. Самае рознае, але перадусім — беларускае. Толькі чытанне як чытанне было нядоўгім, бо раптам са мною нешта здарылася, і я захлынуўся беларускім словам. Далей мяне ўжо цалкам абыходзілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль — засталіся адно словы. Кожнае з іх паасобку я смакаваў, як першую кроплю бярозавіку, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы ўсмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў напаткаць студню.