Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 22

Адам Глобус

Гремело у дальней ложбинки. Кончался стремительный бой. Не тая, ложились снежинки На мальчика в пуще лесной.

Мы смяялiся, бо радкi з афiцыйнай лагернай паэ­зii вельмi нагадвалi неафiцыйную лiрыку, накшталт:

Я спросил электрика Петрова: «Почему ў Вас на шее провод?» Ничего Петров не отвечает. Тихий ветер труп его качает.

Былi ў падпольнай лiрыцы i больш кранальныя, эратычныя вобразы:

Дзевачка ноччу злавiла таксi. Цiха шафёр ёй сказаў «Адсмакчы!» Доўга смактала бедная Зiна. Месяц ад Зiны смярдзела бензiнам.

Каб скончыць з усёй пiянерлагернай паэзiяй, артэкаўскай i неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзiн урывачак з афiцыёзнага вершыка-дрындушкi.

Там жывуць узбекi, беларусы. Дзецi розных брацкiх нам краiн, Пасланцы В’етнама i iндусы — Сваякi па духу, па крывi. Гэта лагер вечнага сяброўства, Дзе расце, мужнее чалавек. Гэта месца добрага знаёмства, Гэта ён — наш сонечны Артэк!

Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам «Лагер Дружбы» мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.

Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэк­турным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сi­нюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў VIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў VIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны — кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!

Вось з такiм — касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя нера­зумныя развагi... Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, — прыступка.