Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 21

Адам Глобус

У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангель­цаў — Байран, у немцаў — Гётэ, у японцаў — Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў — Ісiкава Такубоку, у ангельцаў — Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў... Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася iдэя незалежнасцi як беларуса, так i казаха. Ужо дзецьмi мы ведалi пра неабходнасць аддзялення ад СССР з ягоным паталагiчным жаданнем ашчаслiвiць усiх, навучыўшы бiць у чырвоны пiянерскi барабан. А я замест дзесяцi гiмнаў чытаў лiрыку Багдановiча, ягоныя генiяльныя вершы пра смерць. І яшчэ я зра­зумеў, што ў савецкiм лагеры не так ужо кепска гаварыць з акцэнтам, не з гаварком, якiм рознiцца адзiн расеец ад другога, а менавiта з акцэнтам.

Менавiта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмi дэмаралiзаваная нацыя. У iх размылася паняцце рускi, яно стала вызначэннем iмперскiх паводзiн i перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускiя зрабiлiся падобныя да габрэяў, яны расцяклiся па прасторы СССР, i ў iх пачало не хапаць колькасцi i моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсiх астатнiх, але яны нiколi не аб’ядноўвалiся ў нацыянальныя групоўкi, яны былi кожны сам за сябе i свой рэгiён — Сiбiр, цi Карэлiю, цi Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоi было ажно тры, архангельскi Ваня, петразаводскi Ваня i астраханскi Ваня.

Архангельскi Ваня казаў, што вельмi любiць паэзiю Сяргея Ясенiна, толькi з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскi я пачуў, праўда, разоў са сто, толькi два радкi.

Шмат дзяўчатачак я перамацаў, Шмат кабет я ў кутках зацiскаў...

А далей кацiўся раскацiсты рогат ясенiналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкi пачула важатая Галiна, яна матлянула сваiм гiтлераўскiм чубком i заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песнi пра Зiну Партнову, пiянерку-геройку. Архангельскi Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былi i такiя радкi:

С кровью падают на пол Пряди светлых волос. Сам начальник гестапо Учиняет допрос. ..... То он в злобе пугает, Наведя пистолет, То опять предлагает Шоколадных конфет. Ты глаза опустила, От конфет отвела, Распрямилась, схватила Пистолет со стола... ..... В схватке пули жужжат, Офицер с конвоиром, В пол уткнувшись, лежат...

Што-што, а смерць у пiянерскай паэзii мяне зусiм не палохала, яна наадварот нават весялiла. Ну i як можна было не смяяцца, калi атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага пiянера-героя, якi загiнуў у смяротнай схватцы з ворагамi?!