Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 16

Адам Глобус

Я ледзь не заплакаў, разам з штанамi прапалi дзве поўныя кiшэнi значкоў, якiя падаравалi аднаатрадаўцы. Якiх там толькi не было! I блакiтны герб Зеленаграда Калiнiнградскай вобласцi. І мячэць з Джамбула, што ў шыракаскулым Казахстане. І вузенькая панарама Ульянаўска. І карэльская бяроза з Петразаводска. Ледзь не ўся гiсторыя з геаграфiяй тагачаснага СССР. І ўзялi, i панеслi... А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбiраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхоплiваю спартовыя нагавiцы. А тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Мiнск аднаатрадавец Сярожа. У яго я i пазычыў навюткiя блакiтна-шаўкавiстыя штаны. Як ён не хацеў iх даваць! I вельмi здзiвiўся, калi праз дзень я прынёс iх яму дамоў. «А я быў упэўнены, што больш нiколi iх не ўбачу!» — усклiкнуў Сярожа, убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, а вось я больш нiколi яго не сустракаў, хоць i жыў ён у самым цэнтры Мiнска, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам «Сталiчны». Мусiць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш нiколi нiкога з iх не спатыкаў.

Толькi вось аднойчы на кнiжнай вокладцы я прачытаў прозвiшча аднаатрадаўца — Абашаў. Я пацiкавiўся, дзе выдавалася кнiга... Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнiчак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкiрыi. Юра, якi клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта i патрапiў ў малапрыемную сiтуацыю. Зрэшты, у сiтуацыю патрапiў не толькi Абашаў з Башкортастана...

Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова рас­прануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, — i пад коўдраю, але — Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагер­нiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! — значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» — наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. «Я распрануўся», — вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. «Ты чаму шкарпэткi не зняў?» Паўза пасля «чаму» была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова «скацiна». «А ў нас усе так спяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!» — доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый зрозным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова...