Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 15

Адам Глобус

Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там... Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Вiця з Вiцебска. Умацаванне баявога духу натхнiла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такiя расейскiя брудныя словы i так гучна, што працiўнiкi вырашылi за лепшае выйсцi за дзверы, якiя я зачынiў нагою. Дзверы хлопнулi-стрэлiлi. І стрэл выбiў з мяне агрэсiю, якая вылецела залацiстым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны i спустошаны я павярнуўся да Вiцi з намерам памiрыцца. «Паглядзi на маё сцягно!» — сказаў я даверлiва. «А ты ледзь не зламаў мне шыю», — зусiм ласкава паведамiў ён. Мы памiрылiся з Вiцем, якi самотна сядзеў на ложку, калi я цiхенька адчынiў першы раз дзверы ў 311-ты пакой.

Другi мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мiн­ска, ён зайшоў у пакой трэцi. Меланхалiчны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былi нераздзеленыя самыя маленькiя пальцы, нават пазногаць на iх быў адзiн, гэткiя сiямскiя блiзнюкi на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен зусiм не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць i скакаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лагеры. Сярожа грунтоўна займаўся на мiнскiм стадыёне «Дынама» лёгкай атлетыкай i прывёз у Артэк выдатны спартовы строй, якi давялося пакiнуць у камеры захоўвання.

Але шаўкавiста-блакiтны строй усё ж недарэмна з’ездзiў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага лагера дружбы ў мяне затырылi, а калi па-чалавечы, дык скралi штаны. Звалаклi самым непасрэдным чынам... Я лёг спаць i паклаў нагавiцы за падушку, каб не надта пакамячылiся, i яшчэ я iх рукою прытрымлiваў. А калi прачнуўся, дык у руцэ быў зацiснуты рог падушкi, а штаноў i след прастыў. Суправаджальнiца — акулярыстая маладзiца з таўсценнымi шчыкалаткамi i танклявым галаском — адно развяла ўшыркi кароткiя рукi, маўляў, трэба было класцi пад падушку, а не за падушку.