Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 223
Генрых Далідовіч
7.
Зосю шукалi.
I калі яна зайшла ў двор, дзе «да ўпаду» рэзалі музыканты, здаецца, гудзела i трэслася зямля ад скокаў, яе схапіла за руку Анелька. I схапіла даволі жорстка.
«Усё! — падумалася Зосі.— Нехта высачыў нас з Янкам, пусціў погалас... Канец вяселлю, канец майму замужжу...»
— Хадзем у гумно...— прамовіла толькі Анелька, адпусціла яе i першая хутка, куляючыся, як качка, пашыбавала па двары да гумна.
«Божа! — жахнулася Зося.— I такая няўдаліца можа дастацца Янку за жонку!»
Думала пра іншае, нібы не зважала, што яе ж клічуць далей ад чужых вачэй i вушэй — на суд. Можа, праз хвіліну злосны Гарбацэвіч закрычыць: «Бяры свае манаткі i прэч з нашай хаты, нягодніца!»
Яна ж крочыла абыякавая да свайго лесу. Адчувала толькі, што вельмі стомленая. I з-за працы,—ба яе ж было процьма за апошні тыдзень,— i з-за хваляванняў, пакут, з-за сённяшняга, вяселля i тых законаў, звычак, што выпалі за дзень на яе долю, якім яна мусіла падпарадкоўвацца. Ішла i думала: няхай накрычаць, выганяць — i яна пабяжыць дадому. Kiнецца ў пасцель. Спаць! Спаць! Спаць! О божа, як яна хоча спаць, забыцца пра ўсё, але помніць толькi аднаго Янку. Ёй з ім сёння было вельмі добра, уцешна. Бо сённяшняя сустрэча з ім акрыліла яе, дала надзею i веру, атуліла пяшчотаю i цеплынёю.
У гумне гарэў ліхтар, чуліся галасы. Праўда, ціхія, прыглушаныя. Відаць, Гарбацэвічы раіліся між сабою.
Зося зайшла ў гумно. Напраўду, тут толькі былі адны Гарбацэвічы. Яны стаялі ля вынесенага з хаты ложка, а на ложку ляжаў Віця, яшчэ ў новым вясельным касцюме, у туфлях.
«Няўжо што зрабіў з сабою?» — напужалася Зося. Не з-за спачування да Віці, а з-за боязі, што віну з-за таго будуць бачыць на ёй.
— Зосечка! — убачыўшы яе, заламала рукі Гарбацэвічыха.— Віцю ж зусім блага...
Яна, бянтэжачыся, падышла да ложка: Віця, яе муж (яна яшчэ не магла нават вымавіць гэта слова), быў белы, нібы снег. Як чалавек, што ўжо месяцамі не выходзіў з хаты на двор i ляжаў у цёмным кутку на пасцелі.
— Ён жа ніколі не піў, а гэтыя дні мусіў выпіць, дык...— пачала тлумачыць ёй Гарбацэвічыха.— Вот блага. Кажа: паміраю... Цябе кліча... Прысядзь, дачушка, пасядзі каля яго. А мы ўжо ж пойдзем да гасцей. Людзі ж у хаце...
Знямоглы Віця, пакорлівы Гарбацэвіч, далікатная i ласкавая Гарбацэвічыха — усё гэта было цяжэй Зосі за крыкі, папрокі, знявагі. Бо міжволі, супраць яе розуму, жаданняў у яе душы заварушылася спагада да Віці. А яна гэтага не хацела, бо надумала жорстка адпомсціць яму за яго прыхамаць, за тое, што ён намерыўся скалечыць ёй жыццё.
Прысела на ложку, каля Віцевых ног.
— Пасядзі, дачушка,— пяшчотна, як i маці, прамовіла Гарбацэвічыха.— Вы ж, дзеці, цяпер адно... Муж i жонка...
Неўзабаве Зося з Віцем засталася сам-насам. Гадала: ён падгледзеў ці не бачыў, што яна знікла з двара, падсачыў ці не падсачыў, што спатыкалася з Янкам? Кепска яму цяпер з-за рэўнасці?
— Я не п'яны...— прамовіў ён.— Я ўсё бачу, чую, але... Кружыцца галава, сэрца млее,— намацаў яе руку, узяў у сваю, халодную як лёд. — Скажы, Зоська, я зусім-зусім табе чужы? Нялюбы?