Читать «Маладыя гады» онлайн - страница 3

Генрых Далідовіч

— Закрой, Вася, машыну! —прыкрыкнула на мужа, як убачыла, што той адыходзіцца ўжо ў лес.— Асмялеў...

Яе Васіль паслухмяна вярнуўся, залез у машыну, моцна ляснуў правымі дзверцамі, пасля, вылезшы, ляснуў левымі дзверцамі, замкнуў ix ключом. Замкнуў — i яшчэ патурзаў за ручку.

Люся спакойна, але пільна пазірала, як ён ўсё робіць, пасля тройчы паплявала, усміхнулася: «Ну, збірайцеся, грыбкі!» — i, апускаючы ўніз галаву, лёгкаю паходкаю ўзбоч хваёвай палоскі, на якой — у пяску — добра раслі зеляніцы, падалася ў глыб лесу. Стасюкевіч доўга ўсім ім, шчаслівым, спакойным пазіраў услед, пакуль толькі бачыў ix, з хваляваннем адчуваў, што i сёння, хоць i не хочаш гэтага, яму прыйдзецца ўсё ж сустрэцца з Люсяй: не такая ўжо вялікая іхняя вёска, каб не спаткацца.

2

— Ну, садзіся, хлопец, есці ды ідзі давай людзям работу, — як Стасюкевіч пагаліўся, вымыўся да пояса халоднай вадой і, выціраючыся, вярнуўся ў цёплую хату, сказала маці, паставіла на стол талерку з ладнай горкай пульхных бліноў i патэльню свежага спечанага сала ды мяса, сярод якога ў вільготным тлушчы плавала рудаватая цыбуля.— Бо дзярэктар ужо не раз ціліфанаваў. Пытаўся, дзе ты, ці шуціў, ці папраўдзе гаварыў, каб не грыбэ збіраў, а салому з поля скарэй звозіў ды парадкаваў...

Стасюкевіч нічога не прамовіў, толькі з усмешкаю правёў позіркам па новай хаце — па кафлянай жоўценькай печы, шафцы i халадзільніку, — а пасля ўжо тут, у калідоры, зірнуў на сіненькі тэлефон, што цяпер маўкліва стаяў на палічцы ў кутку ля дзвярэй. Скінуў мокрыя штаны i нацягнуў цёплае суконнае чорнае галіфэ, накруціў на ногі сухія анучы i абуў хромавыя боты. Моўчкі падаўся на кухню, сеў за стол i, адчуваючы малады голад, узяўся аплятаць бліны i сала. Дырэктар хоча, каб мая брыгада была зноў першая: яна хутчэй за ўсіх у саўгасе, трэцяй па раёне ссенавала, зжала, выбрала бульбу, падняла лён, а цяпер вось мусіць i першай звезці з поля салому. Каб пазней ужо, калі падмерзне, узяцца за іншае: вазіць на поле торф ды гной, а гэтаксама — з луга, з Шубіна, сена.

— Салома, мамуся, нідзе не дзенецца, а грыбы вот скора прападуць...— адказаў потым Стасюкевіч, убачыў, што маці зусім яго не зразумела: ці ён жартуе, ці гаворыць сур'ёзна.— Ды хай i пагамоніць крыху, дасць болей машын, каб скарэй звезлі. Прывык, каб мы ўсё мігам рабілі: сеялі, сенавалі, жалі, картофлю выбіралі. А людзям i адпачыць жа крыху трэба. Вось хай i пазбіраюць грыбоў, пакуль растуць, пакуль не лёг мароз. Бо тады i грыбоў не стане, i зусім другая работа будзе.

— I ён жа пра работу гэтую думае, — маці заступілася за дырэктара, якога вельмі паважала, — ты вот пра адну брыгаду думаеш, а ён — пра сем. Болей жа яму галава баліць. I пра людзей ён думае: колькі во ў нашай вёсцы чалавек новыя хаты паставілі, лячыцца ездзілі, колькі вучыцца ў інсцітутах...

— Перахвальваеце вы яго, — усміхнуўся Стасюкевіч.