Читать «Маладыя гады» онлайн - страница 6
Генрых Далідовіч
Неяк адразу пацяплела, i Стасюкевіч усміхнуўся, адчуваючы, што будзе хутка жартаваць з кабетамі, зірнуў на блізкі грузавік: па яго ўжо вышэй новых, падбудаваных, бартоў было накідана саломы, дзе стаялі два старыя мужчыны ў апушчаных зімовых шапках i раўнялі сахарамі ахапкі саломы, што кідалі зверху, з высокай развершанай скірды, чатыры кабеты.
— Глядзеце, наш начальнік ідзе! — перакрычала ўсіх Вандзя — сярэдніх гадоў, вельмі бойкая на язык кабета, — махнула ў яго бок сахаром — i ўслед за ёю, перастаўшы гаманіць, зірнулі на яго ўсе.
— Ну, яшчэ раз: здарова, грузаке i таптуны! — усміхнуўся Стасюкевіч, абышоў грузавік, ля якога на зямлі ляжала шмат саломы, i прыпыніўся ля скірды, ля наўмысна скінутых зверху пагнілых ад частых дажджоў цёмных пластоў.— Памажы вам божа! — пажартаваў i крыху асекся: наверсе скірды, акрамя старой Стэфусіхі ды Бронісевай Гэлькі, Вандзі, стаяла яшчэ Люся Амельяновіч-Макаловіч. Яна, відаць, цяпер, пасля полудня, падмяніла маці — тая будзе дома пячы дзяўчатам-вясельніцам тарты i булкі.
— Што — божа!— рагатнула Вандзя, паправіла хустку i акругліла шырокі, з велікаватым носам, чырвоны ад ветру твар.— Лезь во сюды i сам памажы. Ест жа сіла — выгуляўся кавалернічаючы, утравеў. Не перадаў надта, на машыне ездзячы... I нам весялей будзя, а то ад'едуцца два гэтыя старыя баравіке, — яна кіўнула на мужчын-пенсіянераў, — i нявесела... Другі раз хоць якога нягоднага, але дай мужчыну. Не ён нас, дык мы яго хоць пакачаем...
— Дзе я вам вазьму тых мужчын? Яны то шафёры, трактарысты, то цялятнікі...— усміхнуўся Стасюкевіч, задраў галаву i, жмурачыся ад лагоднага сонца, пазіраў на кабет: яны высока стаялі ў фуфайках, гумовіках, доўгіх цёплых портках, наверсе ix былі да калень спадніцы — i яны, кабеты, глядзелі на яго, відаць, для ix цяпер малога, шыракаплечага, усміхаліся. Старая Стэфусіха ўсміхалася паблажліва, дробненькая на целе i на твары, прыгожая Гэлька — з сорамам, стараючыся не спатыкацца з ім позіркам, а белатварая красуня Люся — са здзіўленнем ды крыху пасміхаючыся з такіх смелых i не зусім далікатных жартаў.
— Баішся ўжо, мусіць, сахор узяць у рукі, бо адразу мазале будуць...— кпіла Вандзя.— Лезь, хоць патрыся ля нас, то, можа, скарэй ажэнішся... Чапляйся! — i сагнулася, падала ўніз доўгае сахарышча — яно дастала далей палавіны шэрай зверху скірды.— А вы, кабеты, трымайце мяне за плечы!
Стасюкевіч падумаў, а чаму i не паскідаць саломы, пажартаваць, плюнуў на далоні, не падскочыў ды не ўхапіўся за сахарышча, бо ведаў, што не надта ўтрымаюць кабеты яго, а палез на кабіну машыны, пасля ў кузаў на салому, пастаяў, наструніўся i па-дужаму адпіхнуўся нагамі, скочыў да кабет, стараючыся глыбей у скірду засунуць рукі. Ухапіўся, ледзь-ледзь утрымаўся, не сцягнуў край саломы ды не споўз долу, але яго падхапілі за плечукі кабеты i памаглі ўзабрацца наверх. Калі ўстаў i паглыбіўся па калені ў жоўценькую тут, на скірдзе, салому, убачыў, як захісталася машына i як са сполахам прыселі, баючыся зваліцца долу, старыя мужчыны.