Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 2

Анатоль Бароўскі

Ці то бацька вінаваты, які ўсё жыццё працаваў лесніком і часцяком браў мяне малога ў лес, ці што іншае? А мо ім і не баліць зусім, дрэвам, і тое мне ўсё здаецца толькі ў маім хваравітым уяўленні. А мае перажыванні зусім і непатрэбны нікому?

Дык па чым баліць маё сэрца?

Мне здаецца, што калі я падыду да свайго рубяжа, дык тое будзе вось такой менавіта парой: лісцёва-завейнай, з жоўтым адценнем. Яно і будзе адпавядаць ростані з вечным, зямным, непадуладным ні часу, ні абставінам.

Дык чаго ж усё-ткі яно баліць? Па чым? Ці — па кім? А як адбаліць, як сцішыцца — ці не ачарсцвее зусім, ці не згоркне, ці не пакрыецца плесняю абыякавасці і бяздушнасці? і ці адгукнецца на боль іншых?

Калі ж так здарыцца, то мне будзе надта лёгка жыць. І я буду пасміхацца ўжо з тых, у каго яшчэ бушуе ў грудзях агонь. Яны, не думаючы ні пра што, будуць імчацца на душэўны кліч каханай, на чужы крык болю, да блізкага сябра. Перажываць няўдачы і радавацца поспеху. А потым, перажыўшы ўсё, адчуваць, як нешта шчымліва ные пад мокрай сарочкай...

А я тады ўжо буду мудрым, бы той старац-жабрак, які пражыў на свеце не адну тысячу гадоў, які загадзя будзе ведаць, што ў матылька, які будзе ляцець на зыркае святло, абавязкова згараць крыльцы. І я не падкажу пра тое матыльку. Бо ён і не паслухае мяне, бо і сам добра ведае пра тое. Але імгненне, калі ў яго ўспыхне полымя ў душы і прага да святла, ён мільён разоў пражыў бы нанава, зноўку паміраў і нараджаўся.

Я буду ведаць не толькі пра гэта. А пра тысячы невядомых чалавецтву ісцін, якія памаглі б людзям пазбавіцца ад фізічных і душэўных хвароб, ад адчування болю. Але такім шчасцем я не змагу падзяліцца, бо парушу няйвялікшую і свяшчэнную тайну на зямлі — навучу людзей быць бессмяротнымі.

Тады ж, у тое самае імгненне, перастане існаваць жыццё...

Восень, лістапад, ліставей...

Падай, падай, срэбразвоннае лісце, укрывай сабою зямлю, каб потым накрыцца новай коўдрай — пульхным цёплым снегам.

А пакуль я ляжу на тваім прасцірадле, буду ўспамінаць, успамінаць, можа, і дакапаюся да прычыны, чаму ж так адбылося і менавіта ў такі перыяд, калі я і без душэўнай траўмы стаю на краі абрыву... Я многае магу ўспомніць — які ранак быў вясной дваццаць гадоў назад і як нас хаваў парасон ад цёплага дажджу, і таму мы забыліся на яго, як прачытаў першую кніжку і калі празвінеў для мяне па-іншаму сэнс вядомых і нязначных слоў кахання...

І яскрава ўспамінаецца ўчарашні, пазаўчарашні дзень, помню, з-за чаго ўпершыню пачало хвалявацца і балець сэрца. Як прагучала першае балючае слова знявагі і папроку. Я помню адценне ў голасе. І на адлегласці бачу яе твар, сумныя вочы. Але голас цвёрды, рашучы.

Ад галінкі адрываецца ліст — вялізны, шырокі, нібы аладак, што пякла мне некалі мама, — як даўно тое оыло. А можа, гэта і не ліст адрываецца, а я, ды не адрываюся, а яна галінка, страсае з сябе непатрэбны груз, пазбаўляецца яго, каб адчуць сябе вольнай. І незалежнай.

А і сапраўды — існуе заканамернасць. Ва ўсім. Ліст у галінкі не пытаецца, ці можна яму не адрывацца. І не просіцца пачакаць яшчэ які час. Гэтак і яна, не зважаючы ні на што, вызваліцца ад непатрэбнага цяжару. І адчуе незвычайную лёгкасць.