Читать «Ліпеньскія навальніцы» онлайн
Вольга Іпатава
Вольга Іпатава
ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ
Вершы
Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Ліпеньскія навальніцы: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 96 с.
ПРЫГАЖОСЦЬ
Расквечана ружова-сінім неба, Рамонкі ўвысь пялёсткі узнялі, А гэта значыць — прыгажосць патрэбна Усяму жывому на маёй зямлі. Зямлі, што спавівае нас туманам, Сячэ завеяй, сцюжаю пячэ, Дзе мы жывём так многа і так мала, Жадаючы бясконцага «яшчэ». Свет мітусіцца, быццам у гарачцы, Нясуцца над планетай спрэчкі, свіст; ...У ціхай рэчцы між кустоў гарлачык Кладзе галоўку на зялёны ліст.
СОН-ТРАВА
За сіняю, сіняю даллю, Ісці і не год, і не два, Расце для мяне жаданая, Чароўная сон-трава. Ліловы пялёсткаў россып, Зялёны вільготны мох... Знайду — і не прыйдзе ростань На роздум маіх дарог. Не прыйдзе ніколі гора I нечы крыўдны папрок, I буду жыць без дакору На скрыжаванні дарог. I зачыню свае дзверы, Спакойная, не захачу Пра лёсы чужыя, нявер'е I крыўду чужую чуць. Ды, пэўна, у млявым спакоі I тыдня не пражыву... Не стану шукаць ніколі Чароўную сон-траву...
ЗАБЕЛЛЕ
Паміж азёр, як ветразь карабельны, Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле. Шумяць вятры жытамі навакол, Пяюць у чарацінкі азярныя. Жанкі пасля даення рукі мыюць, I пахнуць луг і поле малаком. I там маё дзяцінства засталося: Русалка, распускаючы валоссе, Над возерам сядзела на вярбе, Прываблівала хлопцаў да сябе. Яны ўжо, раскрываючы раты, Збіраліся за ёй абы куды. У вечнай рэўнасці жанчын маленькіх Мы заціскалі іх кашулі ў жменькі I прэч цягнулі — далей ад бяды. Да нас, свавольнікаў, не раз рука З кустоў цягнулася Лесавіка. ...Бабулін свет! Ён у маіх вачах Я сыну казкі баю па начах I абяцаю звесці ў той прастор Да тых бароў, да сініх тых азёр, Дзе белая, як ветразь карабельны, Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле...
ПОШУК
Можа, і няўмела, і наіўна Я шукаю сэнс жыцця даўно. Мокра на руках трапечуць ліўні — Шэрае тугое палатно. Абдзімае цёплы пыл калені, Ногі ў кроў збіваю зноў і зноў. Ападаюць кніжныя ўяўленні Туманамі ў глыб дзіцячых сноў. Знаю — мне вучыцца і вучыцца! Гаманкія абысці палі, Неадкрытыя шукаць крыніцы, Піць, прыпаўшы прагна да зямлі...
* * *
Драўляная гаць пад Мядзелем Прапахла шчаўем і мятаю, Ды дзёгцем, ды ботам рыбачым. Пружыняць дошкі гарачыя. Праз луг, дзе дрэмлюць алешыны, Вуліца тая няспешная. А луг той зарос асокаю, А неба над ім — высокае... У сіне-духмяным марыве Стагоддзі сплываюць марамі — Вуліцай крочу драўлянаю, Што продкамі збіта — славянамі, Якія тут гаці пракладвалі I першыя вулкі выгадвалі. Валіліся дрэвы каляныя, Назвалі продкаў — драўлянамі... Крочу сваёй радзімай. Яна Для трох народаў адзіная, На свеце самая мяккая Вада ў азёрах пад Мядзелем...