Читать «Босая зорка» онлайн - страница 19

Рыгор Барадулін

МЕСТАЧКОВЫ ЭЦЮД

Парнікі, лехі, соткі, срачэўні. Трупякі непабітых дроў. З-за курэй перабіліся пеўні. I сабака шукае сяброў. Як пячатка, дно паўлітроўкі. Азалелы, галодны падзол. I брыдзе з пацубэлкам вяроўкі, Быццам з гальштукам модным, Казёл...

ТАБЕ

А мне зусім не ў галаве, Хто з нас каго перажыве, Мой верны кот Міроне. Што мае быць, не праміне, Сядзіш ты на плячы ў мяне. Як цар на хісткім троне. Нам варыцца ў вадным катле. Ты чорны, як адчай, але З бялюткім падбародкам. Ты любіш слухаць цішыню. Лепш за мяне пяеш курню Нахабнахвостым коткам. Ты ў марцаванні не слабак. Ты цвеліш, як i я, сабак I не бяжыш наўцёкі. Табе на славу напляваць, Абы свой кус упаляваць, Мой лірык соннавокі. Нам сырадою не стае. 1 ўсе галовы гнем свае Ніжэй над плыткім сподкам. Хто здоўжыць век — тае лухты, Я з белай барадой ці ты З бялюткім падбародкам...

ПАЗЫКА Ў ГЁТЭ

А на вяршынях некрануты Спакой. I вершаліны ахінуты Глухой смугой. I, непачуты, ты адзін. Птушыны шчэбет дагарае. Чакай, не за гарамі I твой спачын.

З АДАМА МІЦКЕВІЧА

Глоткі, якія крычаць за народ, Збрыдзяць нарэшце народу. Твары, якія цешаць народ, Палічыць народ за шкоду. Рукі, што цягнуцца за народ, Народ адсячэ па локаць. Імёнамі, што палюбіў народ, Будуць народ палохаць. Стоміцца тлум i ацішыцца шум, Скогат сваё адбудзе. Спадчыну ціха возьмуць сабе Цёмныя людзі...

ПАВОДЛЕ ТАНІНА ГУЭРА

Мой дом. паселены ў гарах, Залез на вышыню такую, Што бачу Хмараў белы страх I нават Кашаль Богаў чую... * Ці вецер гэта дапетрыў, Ці мне ў галаву прыйшло, — Што птушкі глядзяць праз паветра, Як сумны яздак Праз шкло... * Я не знахабнею Сказаць валам, Што трактар больш выгодны, Чым яны. Ды на вяроўцы Не сваёй віны Іду пакорліва на бойню Сам...

УДОЎКА Й ЦНАТЛІЎКА

Марка едзе па зямлі, нібы па раю, Марка едзе ды наўкола пазірае. Як вясновыя дзве яблынькі пабачыў, Супыніў каня ды ўраз свой шлях з'іначыў. А пад яблынькамі ўдоўка ды цнатліўка, Соўка-ўдоўка ды цнатліўка-палахліўка. Абдымае Марка ўдоўку маладую, А салодка ў вусны спелыя цалуе. I цнатліўка-палахліўка маладая У хлапца перашалелага пытае: — Ты чаго ўдаву-траву цалуеш, Марка? Паглядзі, як зорка, я, яна як хмарка. Адказаў дзяўчыне Марка ў светлым суме: — Ты не будзь такой дурненькаю, красуня. Лепей золата, няхай сабе й праткнутае, Чымся срэбра маладое некранутае...