Читать «Перакат» онлайн - страница 2
Вольга Іпатава
Хмары, што з самай раніцы збіраліся над горадам, згусцелі, ператварыліся ў цёмныя навісі, што спускаліся над душнымі, распаленымі каменнымі цяснінамі горада ніжэй і ніжэй... і першы слабы віскат дзіцяці супаў з першым ударам грому, ад якога затрымцела тусклае полымя лямпы і заторгалася жоўтая пласцінка слюды ў авальным акне — каляровым, але цяпер як патускнелым і зблажэлым. Да парадзіхі падышлі дзве манахіні, заняліся ёю, адна з іх узяла на рукі дзіця.
— Сястра Вераніка, што з вамі? — здзіўлена запыталася худзенькая чарнавокая паслушніца, націраючы скроні парадзіхі пахучай камфарай і на момант застыўшы ад погляду нечакана падышоўшай трэцяй жанчыны. Тая, ссунуўшы бровы, пе міргаючы, глядзела на немаўля, якое слаба сучыла чырвонымі, тонкімі, як палачкі, ножкамі, слаба вякала і моршчылася. Дзіця было яшчэ слізкае, манашка паспешліва абцірала яго рукамі, якія былі пакрыты крывавымі шрамамі. Рукавы, што былі закасаныя па локаць, адкрывалі белыя, як нежывыя, рукі. Тая, што падышла, не рухалася, толькі бязмерная гідлівасць была ў яе вачах — светлых, дзіўна сініх, як марская вада каля берага ў ціхі вечаровы час.
Сястры Вераніцы нядаўна споўпілася дваццаць восем. У цемры, у бязрадасны шэры поўдзень яе высокая ўладная постаць, хударлявасць, чорная сукня давалі ёй выгляд старэйшы; у ружовым святле раніцы белая, з ледзь прыкметнымі вяснушкамі скура, цяжкія залацістыя валасы, капрызныя абрысы вуснаў нагадвалі царэўну, што хаваецца пад агіднай жабінай скурай. Жанчына гэтая, у свеце Феліцыя Прыбыловіч, была дачкой дробнага служачага пошты ў мястэчку, што ляжала ўсяго ў нейкай гадзіне язды ад Гародні. Франак Прыбыловіч, са збяднелай шляхты, меў у мястэчку благую рэпутацыю: яго патрапаную нялоўкую постаць добра ведалі ў карчомцы, а ў хаце ягонай, замест памёршай жонкі, гаспадарыла вывертлівая местачковая дзеўка, разбэшчаная і сквапная, і пад вечар, калі Франак ішоў у карчму, да вокнаў хаты ўпотай краліся сыны мясцовых багацеяў. Панна Феліцыя падчас сваіх прыездаў мела такі халодны прыём, што рана зразумела: у мястэчку ёй не знайсці прыстойнага мужа. У Гародні ж, дзе яна нязменна была першай вучаніцай прыватнай школы, усё не знаходзілася рыцара, пра якога марыць кожная дзяўчына яшчэ з падлеткавага ўзросту. Феліцыя рана зразумела: прычынай таго, што дзявочая яе прыгажосць не знаходзіць збыту, была беднасць. А ёй хацелася ўладарыць, хацелася асядлаць жыццё і гарцаваць па-над абставінамі на нейкім казачным жарабку, што ўзвіваецца пад аблокі. Цвяроза ўсё ўзважыўшы, яна пайшла ў манастыр. I чым далей, тым болей не шкадавала аб гэтым: мірскія ўцехі, якія страціла, былі нічым у параўнанні з тым, што адкрывалася перад ёю ў манастыры — з уладным яе характарам, воляй і ўменнем трымаць сябе ў жалезных рамках неабходнасці. Да таго ж яна ўмела пільна прыслухоўвацца да акружаючага, і халодны, цвярозы розум палітыка падказаў ёй лінію паводзін, якія маглі прынесці поспех. Старая ігумення была надта добрай, надта старалася яна літаральна выконваць запаведзі. Не тое патрэбна было зараз — сястра Вераніка думала пра гэта, гледзячы на юную маці. Меч патрэбен для іх, вось гэтых... быдла, што ўсё болей заяўляла пра сябе, бунтавала па-за сценамі, як грозная, сляпая сіла... Пачуўшы пытанпе, яна схамянулася.