Читать «Перакат» онлайн - страница 5
Вольга Іпатава
Калі Алена расплюшчыла вочы, то не адразу зразумела, дзе яна і што з ёю. Дзіця крыўдліва плакала, і гэты слабенькі, як кацянячы, галасок адразу, імкліва запоўніў пустэчу, што ўзнікла пасля таго, як Васіля забралі ў турму, а яна засталася адна ў горадзе — без кватэры, без працы, без будучага, з жахам думаючы пра таго, хто ад самага нараджэння павінен быў несці ў вачах людзей брыдкае, несправядлівае кляймо. Маленькі, кволенькі чалавечак зрабіў так, што ёй стала цёпла на душы і ўтульна, нібыта не была яна гэткаю ж гаротнай, як і некалькі гадзін назад, калі ішла ў сваё апошняе прыбежышча, не думаючы, не зважаючы ні на небяспеку, ні на рызыку, як цягнецца смяротна паранены звер.
Шмат разоў, застаўшыся адна, яна пыталася сябе — чаму пайшла за Васілём, пайшла ад роднай хаты, ад сытасці, кінулася за ім, нібыта ў вір. Пыталася — і не знаходзіла адказу, разумеючы, што, калі б усё паўтарылася наноў, ізноў пайшла б за ім — млеючы ад страху, не разумеючы і не разважаючы... Тое, што адбылося паміж ёю і Васілём, можна было б тлумачыць толькі адным словам, у якое ўваходзіла ўсё, чаго яна не разумела. Тое слова было «лёс». Лёс зрабіў так, што ёй няма без Васіля жыцця, лёс даў і забраў яго — ці надоўга, таксама залежала ад яго, лёсу...
Алена не ведала і не хацела ведаць, чым займаўся Васіль, чаму баліць яму тое, што астатнія вакол цярпелі і прымалі як належнае. Яна чакала яго пасля работы, рыхтавала няхітрую вячэру, прыбірала ў чужым, нанятым імі пакойчыку — з тых часоў, як пакінула хату, усё вакол было такое чужое, наёмнае, халоднае! — і ажывала, толькі калі бачыла мужа — вясёлага, прапахлага табакай. Васіль абдымаў яе, расказваў, што было новага на тытунёвай фабрыцы, дзе ён працаваў; строіў жарцікі. Яна падавала вячэру і, накуль ён еў — таропка, згаладнела, усё, што стаіць на стале,— прыціскалася да плячэй, абдымала ззаду і застывала ў цёплых тых дотыках, адчуваючы, як уваходзіць у яе вялікі спакой, як цяплее ўсё навокал... Па-за ім не было ні цяпла, ні святла, і таму, калі Алена засталася адна, яна жыла зусім пакутліва, прымаючы як непазбежнасць холад і пустэчу навокал. Яна як бы не заўважыла таго, што гаспадар кватэры выгнаў яе якраз перад родамі, амаль незаўважна прымала грошы ад людзей, што прыходзілі да яе, гаворачы, што яны сябры Васіля. Алена не задавала пытанняў, не цікавілася, дзе шукаць каго ў выпадку патрэбы. А патрэба была — два дні перад родамі яна амаль нічога не ела і таму, прыйшоўшы на ранішнюю імшу ў касцёл, упала без памяці перад маці боскай, што з дакорам глядзела на яе з вышыні. Мясцовы ксёндз ведаў яе гісторыю і, падумаўшы, вырашыў звярнуцца да сясцёр-бернардынак, а не адпраўляць жанчыну ў гарадскі радзільны дом, таму што наўрад ці вернецца адтуль яна, такая знясіленая. Ён ведаў выпадкі, калі турма прымушала адумвацца, рабіла людзей ціхімі, назаўсёды напалоханымі. Чаму ж не зрабіць для маладой набажнай прыхаджанкі добрае? А яна з тых, хто гэтае добрае памятае, I невядома, чым магла абярнуцца тая міласэрнасць!