Читать «Фрашкі да пляшкі» онлайн - страница 2

Севярын Квяткоўскі

Сучасны цэнтар Менску будаваўся ў 1950-х, і савецкім архітэктарам не прыйшло да галавы запраектаваць патрэбную для мэгаполісу колькасьць установаў абшчапіту. Але праблема з даступнасьцю адпачынку ў кавярні была ня толькі ў малой колькасьці ўстановаў і нават не ў падатковай палітыцы, якая вымушала ўладальнікаў рабіць шалёныя нацэнкі. Драма ў тым, што амаль усе навамодныя кавярні заставаліся абшчапітам, пазбаўленым якой-кольвек творчай ідэі. Таму ў сярэдзіне 1990-х, выпадкова сустрэўшыся ля “Цэнтральнага”, мы сядалі за столікі на вуліцы альбо ішлі да… Напрыклад, да Ваньковіча.

Паралельная прастора і Ваньковіч

Дом Ваньковічаў фактычна захаваў сваю функцыю і ў канцы ХХ стагодзьдзя. Бо ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя мастак Валенці Ваньковіч штотыдзень зьбіраў у сябе менскую творчую тусоўку. Што робіць тусоўка? Размаўляе, выпівае, сьпявае… Тое ж самае рабілі й мы. Толькі не ўнутры, дзе рыхтаваўся музэй мастака, а на задворку. На Ваньковічы можна было сустрэць “лепшых людзей гораду”. Напрыклад, Лявона Вольскага альбо Міхала Анемпадыстава ці Касю Камоцкую. Альбо журналістаў закрытага ўлетку 1996 году FM-радыё “101,2”. Ды цэлую купу музыкаў, якія цяпер увасабляюць беларускую альтэрнатыўную музыку: “Крыві”, “Палац”, “NeuroDubel”, “Крама”, “Pomidor/OFF”… Альбо бізнэсоўца Андрэя, зь якім мы выпівалі партвэйн і які ў 1990-х быў частым фундатарам нашых party на Ваньковічы.

Сустракаем неяк журналістку Іну Студзінску, якая пытае:

— Куды гэта вы такія нагружаныя?

— Да Ваньковіча. Хадзем з намі!

—Вой, ды я яго ня ведаю, — засмучона кажа Іначка. — У яго дзеці ёсьць? Можа, цукерак набыць?

—Хадзем, Іначка, — загадкава сьмяемся мы, грукаючы поўнымі бутэлькамі ў торбах.

Хіба, для мяне і маіх сяброў Ваньковіч стаўся адным зь нямногіх месцаў у цэнтры Менску, дзе можна было адчуць сябе паза сталінскім ампірам, абшчапітам і новай уладай, якая толькі набірала абароты празь зьбіцьцё дэманстрантаў, закрыцьцё беларускіх школаў і масмэдыяў ды арышты непакорлівых бізнэсоўцаў.

Для мяне Ваньковіч скончыўся, калі там ужо зрабілася сумна, няўтульна і тлумна, месца сталi часьцяком наведваць мiлiцэйскiя патрулi…

Калі да Ваньковiча завiтала кумпанiя “старажылаў”, мы вырашылi “прыгадаць мiнулыя часы”, наладзiць свайго кшталту разьвiтаньне з Домам. “Госьцi” крыху прыбралiся навокал, разьмясьцiлiся на прыступках, але вiно-пiва адразу не пілі — любавалiся заходам сонца.

Ва ўсiх было колiшняе адчуваньне знаходжаньня ў паралельнай прасторы. Атмасфэра была крыху ўзьнёслая. Немагчыма было ўявiць, што нешта можа парушыць гэты настрой. Кася Камоцкая выйшла наперад да дарогi, якая вяла да суседняга Дому масонаў (яшчэ адно культавае месца 1980-х – пачатку 1990-х). Раптам зза Масонаў на малой хуткасьцi выехала мiлiцэйская машына. Мiлiцыянт, якi сядзеў побач з кiроўцам, паўвысунуўся з вакенца, прабегся позiркам па прыцiхлых “гасьцёх” i спынiў позірк на Касi. Машына марудна наблiжалася, Кася i мiлiцыянт глядзелі вочы ў вочы, завiслая паўза зацягвалася…