Читать «На крыжах» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Але ці ўсе ў нас разумеюць гэтую даволі банальную ісціну? Баюся, што далёка не ўсе. У жыцці на кожным кроку мы сустракаем горкае неразуменне літаратуры, неразуменне, якое выклікае сум і роспач, асабліва калі вядомыя ідэалагічныя рупліўцы пачынаюць рабіць паспешлівыя палітычныя вывады.
Дзіўна, што ў наш час, на 49-ым годзе Савецкай улады, ў адносінах да літаратуры грэбуюць тым, што некаторым трэба б засвоіць яшчэ ў школьным дзяцінстве. І я перакананы, што высокія аўтарытэты, ідэйныя абгрунтаванні, хоць бы і спасылкі на вайну ў В'етнаме, тут абсалютна не маюць рацыі. Усе беды тут — ад непісьменнасці, нізкай эстэтычнай культуры, а то і дыпламаванага абскурантызму тых, хто прыстаўлены кіраваць літаратурай.
Першай і галоўнай праявай таго абскурантызму, на мой погляд, з'яўляюцца адносіны да адмоўнага ў літаратуры. Яшчэ вялікі Бялінскі ў сваім артыкуле «Ответ «Московитянину» пісаў: «Творчество по своей сущности требует безусловной свободы в выборе не только от критиков, но и от самого художника. Ни ему никто не вправе задавать сюжеты, ни он сам не вправе направлять себя в этом отношении. Он может иметь определенное направление, но оно у него только тогда может быть истинно, когда без усилия, свободно сходится с его талантом, его натурой, инстинктами и стремлением. Он изобразил вам порок, разврат, пошлость: судите, верно ли, хорошо ли это сделал, а не толкуйте, зачем он сделал это, а не другое, или вместе с этим не сделал и другого. Говорят: что это за направление — изображать одно низкое и пошлое! А почему бы и не так?" — пытаецца Вісарыён Бялінскі і ў іншым месцы гэтага артыкула адказвае: «Это — не один дар выставлять ярко пошлость жизни, а еще более — дар выставлять явления жизни во всей полноте их реальности и их истинности.»
Так, мастацтва — не адвольны твор мастака, але і не планавы прадукт грамадства, яно — душа гэтага грамадства. Нельга дастаць і як сабе хочаш перарабіць тую душу без таго, каб не перайначыць характар грамадства. Абое яны існуюць у адзіным узаемазалежным цэлым.
Літаратуры даводзіцца цяжка, асабліва калі мець на ўвазе не гэтак тэарэтычныя высновы, як яе жыццёвую практыку. У наш час зусім нярэдкія з'явы, калі нават выдатныя тэарэтычныя пастулаты на справе ператвараюцца ў штосьці, што найболей нагадвае свайго роду неакласіцызм. Пра тое не прынята гаварыць, але не сакрэт, што ў літаратуры час ад часу запаноўваюць характэрныя адзнакі менавіта такога літаратурнага напрамку: калі губляецца рэалістычны характар рэчаіснасці, грэбуюць жыццёвай праўдай, рэальнае выцясняецца яўна ідэальным. Я ахвотна пагаджуся, што мастацтва так званага сацрэалізму не дапускае ў сабе безідэйнасць, бяскласавасць, абстрактны гуманізм і гэтак далей. Але бясспрэчна, што і іхнія супрацьлегласці, узведзеныя ў катэгарычны абсалют, — не меншае зло, хіба што з іншым, адваротным знакам. Менавіта гэтае зло нанесла немалую шкоду нашаму мастацтву. І гэта зразумела, калі мець на ўвазе знакамітыя словы У. Леніна, які ў сваёй працы «Детская болезнь «левизны» в коммунизме» пісаў, што «самое верное средство дискредитировать новую политическую (да и не только политическую) идею и повредить ей состоит в том, чтобы во имя защиты ее довести ее до абсурда».