Читать «У добры час» онлайн - страница 56

Іван Шамякін

— Чакай, Міхей! Канец гэтай аперацыі дакажа дзядзька Сямён. Сямён Лявонавіч, давай, брат, наперад.

Сямён — кульгавы, глухаваты чалавек год пяцідзесяці. У моладасці ён гадоў дваццаць пасвіў статак, а ў калгасе быў пастаянным конюхам. Чалавек ён — маўклівы, стрыманы, і гаварыў больш з коньмі, чым з людзьмі. Пачуўшы, што ад яго патрабуюць, ён збянтэжана адступіў да дзвярэй.

— Ну што ось гэта вы, хлопцы? — распяваючы кожнае слова, працягнуў ён. — Найшлі ось з чаго смяяцца.

— Давай, давай, Сямён...

Ён махнуў рукой і вышаў з крамы.

Тады расказваць пачала Соня, стрымліваючы смех.

— Гэта-ж яго паліцаі сілком прымусілі працаваць на маслабойцы. Дроў падвезці, напілаваць, накалоць. Ці там адвезці што. Ну, партызаны і засталі яго ў час налёту там. Спатрэбілася ім на штось вяроўка, адзін з іх і загадаў: «Дзед, давай вяроўку! Ды хутчэй, сімулянт кульгавы... Бач, раз'еўся на людскім масле»... Хлопец быў чужы, не ведаў... Сямён наш і пакульгаў. Дахаты яму ісці далёка, а на вуліцы поўна баб. Ён — да іх... «Бабачкі, дайце вяроўку хутчэй», — а ў самога губы дрыжаць, і твар, як палатно... «Нашто табе вяроўка?» — пытаемся мы, я таксама стаяла там. «Вешаць будуць мяне...» Тут яго Акуліна пачула, ды ўголас. А за ёю і ўсе мы... «За што, дзядзька Сямён? Што ты зрабіў? Мы ўсе пойдзем Міхея за цябе прасіць»... А ён як мацюкнецца, век ад яго такога не чулі, як закрычыць... «Цыц, чортавы бабы! За тое, што я, ось, сукін сын, на фашыстаў раблю... Ось за што!»

— І прынёс, браткі, ён мне вяроўку, — дапоўніў Міхей. — Мы ўжо ад'язджалі, каля саду дагнаў. «На, гаворыць, вешай, Міхей». «Што?» — пытаюся. «Мяне». Узлаваўся я. Што ён, думаю, за бандытаў нас лічыць, ці звар'яцеў стары?.. Пайшоў, крычу, к чорту, а то перавешу па спіне пугаўём, не пагляджу і на старасць...

— Але пасля як ні прымушалі яго зноў ісці на маслабойню... білі паліцаі і ў камендатуру цягалі — не пайшоў. Нават на рамонт дарогі ні разу за ўсю акупацыю не вышаў, хоць і даставалася яму за гэта...

Часцей за ўсё апавядальнікам выступаў сам старшыня сельпо Гольдзін. Гэты маленькі вяртлявы чалавек, з пратэзам вока, нейкім цудам упраўляўся пабыць усюды. Хай на працягу адной гадзіны ў вёсцы будзе пяць здарэнняў, але пасля акажацца, што ён усюды быў сведкай. Ды не толькі ў вёсцы, але і ва ўсім раёне не было таго здарэння, пра якое-б ён не ведаў.

Расказваў ён усё адны і тыя-ж партызанскія анекдоты — аб фашыстах, аб Гітлеры, аб Еве Браўн, але кожны раз дадаваў да іх нешта сваё, новае, і вось гэта «сваё» і было самым цікавым і смешным.

Калгаснікі любілі гэтага вясёлага чалавека, але з яго гандлёвай дзейнасці кпілі штодня.

— Сяргей, дай Гольдзіну закурыць, а то, бачыш, вушы ў старшыні сельпо папухлі.

— Гэта значыцца, што ў мяне няма чаго закурыць? Дрэнна вы ведаеце Хаіма Гольдзіна. Не было яшчэ тае хвіліны, каб я быў без папярос. Я і ў партызанах...

— Што там было — мы ведаем... А вось зараз у тваіх кішэнях пуста, — хітрыў Міхей.

Гольдзін выхопліваў з кірзавай сумкі, з якой ніколі не разлучаўся, пачку «Казбека».