Читать «У добры час» онлайн - страница 52

Іван Шамякін

— Вы нашу сілу не мералі.

— Уяўляю.

— Ну, а двум-тром калгасам? — спытаў раптам Ладынін.

— Двум-тром? Тады няма патрэбы будаваць тут. Ёсць на рэчцы месца, дзе, здаецца, сама прырода знарок стварыла ўсе ўмовы для будаўніцтва гідрастанцыі.

Ладынін і Лазавенка адначасова спыталі позіркамі.

— Каля Лядцаў. Асабліва зручная мясціна насупраць іх калгаснага двара. Там будаўніцтва яе будзе ў тры разы танней.

— Ідэя! А, Васіль? — узрадавана спытаў Ладынін. Але Лазавенка не падтрымаў яго захаплення.

— Значыцца, наша станцыя ў «Партызане», за чатыры кілометры?

— Чаму «ваша»? — здзівіўся Ладынін. — Агульная, міжкалгасная... «Волі», «Партызана», «Зоркі». Можам нават украінцам прапанаваць...

— Ну, гэта, Ігнат Андрэевіч, прыгожая палітыка... А як ажыццявіць... з такімі суседзямі?.. Не веру я...

Ладынін здзіўлена агледзеў яго з галавы да ног, нібы ўбачыў упершыню.

— Не пазнаю цябе... Адкуль яны ў цябе, такія прыватніцкія настроі? Ці не ты марыў аб механізаваным буйным калгасе?

Сакавітаў стаяў, глядзеў на іх і моўчкі ўсміхаўся.

— Улічыце, што магутнасць такой станцыі адразу пакрые выдаткі на яе, — заўважыў ён.

Васіль прыкурыў новую папяроску ад свайго недакурка, зацягнуўся дымам.

— Не чакаў, не чакаў ад цябе, — прадаўжаў нездаволена Ладынін. — Сам ты гаварыў аб дапамозе суседзям, аб агульным росце. І раптам... Які ў табе індывідуаліст яшчэ сядзіць!

Васіль раптам усміхнуўся, шырока, прыветліва.

— Ніякага індывідуаліста няма, Ігнат Андрэевіч. Пойдзем, будзем глядзець. Але ведайце, у «Партызане» будуць супраць — я ўпэўнены.

— Нічога не робіцца само сабой, паважаны Васіль Мінавіч. Усё павінна быць падрыхтавана.

Яны пайшлі да Лядцаў і хадзілі там цэлы дзень. Падняліся кілометраў на дзесяць уверх па рацэ, на украінскую тэрыторыю, агледзелі берагі, затокі, пойму, прасякалі ў колькі месцах лёд — мералі глыбіню.

Ладынін здзіўляўся нястомнасці Сакавітава. Той, чым далей ішоў, тым больш жвавым і вясёлым рабіўся: лёгка прасякаў палонкі; насвістваючы вясёлыя мелодыі, скакаў па мёрзлых купінах, расказваў анекдоты.

Ладынін, улучыўшы момант, калі яны крыху адсталі, паказаў Васілю на інжынера:

— Вось каго прываражыць-бы нам. Гэты хутка збудаваўшы ўсё, што трэба.

— Мне здаецца, што ён ускладняе, — адказаў Васіль. — Я ўвесь час уяўляў, што ўсё гэта значна прасцей.

— Памылкова ўяўляў.

Доктар так натаміўся за гэты дзень, што ледзь дабрыў дадому, хоць чалавек ён быў не з ліку слабых і непрывычных да хадзьбы. Ён не верыў Сакавітаву, што той не стаміўся. Але інжынер даказаў гэта: увечары прышоў з Лядцаў у Дабрадзееўку, да Ладыніных, — пагуляць у шахматы.

Ёсць сем'і, якія валодаюць зайздроснай сілай прыцягваць да сябе людзей. З года ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў іх суседзі, сябры, вядуць бясконцыя гутаркі на ўсе тэмы жыцця.

Кватэра Ладыніна заўсёды была такім своеасаблівым клубам, дзверы яе былі адчынены для ўсіх. Але натуральна, што збіралася галоўным чынам вясковая інтэлігенцыя.

Вечары пачыналіся заўсёды амаль аднолькава, канчаліся па-рознаму.