Читать «У добры час» онлайн - страница 41

Іван Шамякін

Васіль крыху збянтэжыўся і, мабыць, каб захаваць гэта, пачаў закурваць.

Прыкурыў, расцёр згарэўшую запалку, абцёр пальцы аб ватоўку і прадоўжыў сваю думку:

— Вяселле і радзіны яшчэ... Мяне, напрыклад, заўжды абурала, калі нараджэнне чалавека праходзіць непрыкметна. Гэта-ж падзея!..

Маша здзіўлялася ўсё больш і больш...

«Колькі год сябруем, і я не ведала, што ён такі... дзіўны...»

— Калі ў мяне народзіцца першае дзіця, я такі пір закачу...

Ён з усмешкай паглядзеў на Машу, відаць, чакаючы, што яна адкажа на гэта жартам. Але Маша нават не ўсміхнулася, і гэта зноў-такі збянтэжыла яго.

Хвіліну цягнулася нялоўкая цішыня. Ён растлумачыў яе па-свойму.

— Ты даруй за тое недарэчнае сватаўство... Павер, я тут ні пры чым. Гэта задумала маці... Неразумна, праўда? Безумоўна, неразумна... Але з нашага боку таксама дзіка... Няўжо мы, дарослыя людзі, сябры, не маглі пагаварыць па-даросламу?

Ён раптам прыпыніўся, павярнуўся да Машы і ціха прамовіў:

— Хоць, уласна кажучы, якая карысць з гэтага была-б? — і пайшоў далей, на хаду адламаў ад хвоі сухую галінку, пачаў церушыць яе пальцамі. — Але ведаеш, мне ўсё-такі даўно хацелася пагаварыць з табой так вось... па-сяброўску... Ведаеш... Як гэта прасцей сказаць табе? Ну-у, — ён на момант сумеўся, кінуў галінку наперад і адначасова з узмахам рукі сказаў: — Усё-такі я кахаў цябе...

— Кахаў?! — Маша паўтарыла гэтае слова так, што нельга было зразумець, спытала яна ці пацвердзіла.

— Але... І пачуццё гэтае даўняе. Я зразумеў яго яшчэ на фронце. Ведаеш, калі ляжыш у зямлянцы ці ў акопе... Мокра часам, холадна, час цягнецца мар-рудна... І пачынаеш успамінаць што-небудзь самае радаснае, такое, ведаеш, светлае з мірнага жыцця... І мне часцей за ўсё ўспаміналася ты. Ці ў шпіталі... Гэта страшна — ляжаць, прыкаваным к ложку. Ліха ведае, якія думкі лезуць у галаву! Але я ўспамінаў цябе, і было лягчэй. Я думаў пра цябе гадзінамі і забываўся на ўсё. Я таму і пісьмо табе напісаў у той-жа дзень, як прачытаў, што нашы вёскі вызвалены. Дзякую, што адказвала... Атрымліваў іх, твае пісьмы, і цяплей рабілася на душы.

— А Насця? — з хітрай дзявочай цікаўнасцю спытала Маша. — Яна пісала табе часцей.

Васіль уздыхнуў.

— Не магу маніць ні сабе, ні тым больш ёй. Не ляжыць душа. Шкада мне яе... Яна шчырая, праўда, занадта ўпартая... Ды гэта, магчыма, і добра... Я ёй шчыра сказаў. Пакрыўдзілася. Поўгода не размаўляе... Уся аддалася рабоце... Нават гуляць перастала хадзіць.

Яны дайшлі ў канец хвойніку. Далей у балоцістай нізіне рос алешнік. За ім пачынаўся луг, бліскала звілістая істужка рэчкі.

— Загаварыліся мы з табой, Маша. Бывай, я да стагоў. Гавораць, вашы каровы наведваюцца. У пятніцу заняткі. Прыдзеш?

— Абавязкова.

Ён шпарка пайшоў праз алешнік, а яна доўга стаяла і глядзела яму ўслед. Праўда, думала яна не аб ім. Яна зноў падумала пра свае адносіны з Максімам, і на гэты раз яны ўявіліся зусім не такімі ўжо складанымі.

14...

Гэта было звычайнай з'явай у яго рабоце: паклічуць да аднаго хворага, а лячыць даводзіцца некалькіх. А часам і няма каго лячыць, а ўсёадно з другой вёскі да цямна не вырвешся. Бо ён заходзіў у хату не толькі, як урач. Пагутарыць з людзьмі, расказаць ім і даведацца ад іх аб жыцці, думках і настроях — усё гэта было неадрыўнай часткай яго ўрачэбнай дзейнасці. Ён ведаў, што часам чалавека лечаць не адны лекі, а і добрае, цёплае слова і нават справядлівы дакор.