Читать «У добры час» онлайн - страница 30

Іван Шамякін

Адказным за статак ён паслаў сваю старэйшую дачку Кацярыну.

Шаройка застаўся ў вёсцы.

Восень і зіму ён пражыў без прыгод, параўнаўча спакойна, калі наогул можна гаварыць аб нейкім спакоі ў той страшны час. Гаспадарыў на сваім надзеле, дапамагаў жанчынам, і яны рады былі, што ў вёсцы застаўся хоць адзін сапраўдны гаспадар-мужчына, чулы і добры чалавек. Але нечакана, калі ён ужо зусім супакоіўся і пачаў забываць на сваю актыўную дзейнасць у калгасе, гітлераўцы прапанавалі яму стаць старастам, ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Ён перапалохаўся і даў згоду на ўсё, што ад яго патрабавалі. Змардаваны, схудалы, збіты, вярнуўся ён у вёску і пабыў старастам адзін тыдзень, покуль крыху падужэў, А потым знік — уцёк у лес, адаслаўшы дочак у дальнюю вёску, да родзічаў, і пакінуўшы ў хаце адну старую Ганну. Партызан знайшоў ён тыдні праз два і вельмі здзівіўся і нават крыху спалохаўся, убачыўшы камандзірам атрада Антона Лескаўца. (У вёсцы ўсе гаварылі, што ён эвакуіраваўся разам з райкомаўскімі работнікамі.)

Шаройка расказаў аб усім шчыра, успомніў і статак, прызнаў сваю віну і пакаяўся. Лескавец выслухаў і сказаў, як заўсёды гаварыў у жыцці, шчыра і проста ў вочы:

— Цёмны ты чалавек, Шаройка. Не веру я цяпер табе.

Але ў атрадзе пакінуў — пры гаспадарчым узводзе. Толькі паставіў суровую ўмову: адлучыцца куды-небудзь хоць на адну гадзіну самавольна — будзе лічыцца здраднікам. Шаройку падабаліся яго абавязкі: — ціха, бяспечна, і галодным ніколі не бываеш, не тое, што ў баявых узводах, — і ён выконваў іх вельмі добрасумленна, так добрасумленна, што ў асцярожнага Лескаўца падазрэнні не слабелі, а раслі. Але хутка Антон Лескавец гераічна загінуў, а Шаройка пасля аднаго цяжкага бою, калі брыгада панесла вялікія страты, застаўся пры штабе брыгады намеснікам начальніка па забеспячэнню.

Безумоўна, што пасля вызвалення, калі ў вёсцы не было амаль ніводнага дарослага мужчыны, лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Жанчыны выбралі яго. Цяжкія былі тыя гады. З усёй вёскі нейкім цудам уцалела толькі трынаццаць хат і па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць скалечаных коней. «Чортава дзюжына» гаварылі людзі прымхлівыя.

Шаройка ўзяўся за працу з аганьком. Не быў-бы лепшы гаспадар! Калгас з дапамогай дзяржавы станавіўся на ногі. Часам па асобных кампаніях выходзіў на першае месца ў раёне і ніколі не быў на апошнім, займаючы ўвогуле «залатую сярэдзіну», як любіў гаварыць Шаройка. Але хутчэй за калгасную расла асабістая гаспадарка старшыні. Яму шанцавала: у яго сям'і нікога не забілі, не скалечылі. Два сыны яго служылі ў арміі і даслужыліся: адзін — да капітана, другі, малодшы, да лейтэнанта, абодва мелі ўзнагароды. Дзве дачкі адразу-ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Трэба-ж было стварыць ім умовы! І «добры гаспадар» не спаў у шапку. Хату сабе збудаваў амаль што першы ў вёсцы, лепшую за тую, што згарэла. Узяў цялушку з таго парадзелага статка, якое Кацярына Лескавец вярнула з усходу. Што-ж, людзі спачатку не крыўдзіліся, не папракалі: сам партызан, сыны — героі. Але хутка Шаройка купіў другую карову і засеяў прысядзібны ўчастак на жонку сына, якая прыехала аднекуль з Урала і ніякага дачынення да калгаса не мела. І чым далей, тым больш людзі пазнавалі ў ім таго Шаройку, якога яны ведалі гадоў семнаццаць назад, да калектывізацыі. У чалавека адраджалася старое, што, здавалася, даўно ўжо адышло ў нябыт.