Читать «У добры час» онлайн - страница 25

Іван Шамякін

Маша жахнулася гэтай думкі і сурова дакарыла сябе:

«Дурніца!.. Усялякае глупства надумаеш. Прыдзе — не дзе дзенецца... Загуляў хлопец. Няхай пагуляе, пакуль халасты», — і ёй зрабілася весялей ад гэтай жартаўлівай думкі.

Яна пайшла на гарод. Вочы звыкніся з цемрай і адрознілі яблыні ў канцы саду — іх толькі некалькі ўцалела ад пажару. Яна падышла да адной, ласкава пагладзіла халодную, шурпатую кару і рушыла далей. Зноў завалодалі трывожныя думкі.

«А можа яму хто нагаварыў на мяне? Ёсць-жа злыя языкі...»

Непрыкметна яна вышла на поплаў. Пад нагамі зазвінеў тонкі лядок. Маша схамянулася, спалохана азірнулася па баках і хутка пайшла назад.

Каля хаты яна сустрэла брата: ён вяртаўся з Дабрадзееўкі, з вечара.

Пятру ішоў пятнаццаты год, але быў ён рослы і дужы. Вайна перашкодзіла хлопцу вучыцца. Пасля вызвалення ён палічыў сябе пераросткам і адмовіўся пайсці ў пяты клас. Цяпер вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў у калгасе, зарабляў за год больш працадзён, чым нават Маша. Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Яны разам увайшлі ў хату.

Алеся ляжала на ложку, пад коўдрай, і чытала, прымацаваўшы лямпу над галавой. Угледзеўшы брата, яна хітравата прыжмурылася.

— Нішто сабе, малады чалавек. Гадзіна ночы. Відаць, Галачка затрымала? Маленькая, а такая дасціпная, саладуха гэтая...

Пятро пачырванеў.

— Зноў пачынаеш. Я на вечары быў, з хлопцамі. Які вечар быў! Чаму вы не прышлі? Доктар цікава даклад зрабіў. Вось гаворыць, дык гаворыць! Пастаноўка была. Ліда доктарава песні спявала. А пасля — танцы... Косця Бульбешка на новым баяне іграе. Эх, баян! Ну, брат ты мой, і танцы былі! — хлопец захапіўся і наіўна расказваў аб усім. — Да сёмага поту танцавалі. Нават старая Гарбыліха пусцілася... Але лепш за ўсіх танцавалі Максім наш і Ліда доктарава. Яны ўвесь вечар разам танцавалі... Каб вы бачылі!..

Злосны крык Алесі перапыніў яго.

— Ну і дурань ты! — і ў расказчыка паляцела падушка.

Здзіўлены Пятро злавіў яе на ляту і застыў з ёю, не разумеючы, чым абурыў сястру. Разгублена павярнуўся да Машы. Старэйшая сястра стаяла моўчкі, прыціснуўшыся спіною да печы. Твар яе быў бледны, пальцы рук нервова церабілі махры хусткі. Але Пятро нічога гэтага не бачыў і дакорліва сказаў ёй:

— Вось, дзівуйся. Я гаварыў табе, што яна хутка звар'яцее. Хай больш пачытае кніг!

Маша ласкава, па-мацярынску ўсміхнулася:

— Не звяртай на яе ўвагі. Вячэрай. Яна задачы не рашыла.

8...

Ужо гэтыя першыя сустрэчы адразу акрылілі Максіма. Знікла тое адчуванне неасэнсаванай трывогі, якая часам з'яўлялася ў дарозе, калі ён думаў аб сваёй новай, цывільнай дзейнасці. Цяпер-жа здавалася, што ён ужо досыць паспяхова пачаў яе, гэтую дзейнасць. І ад гэтага было лёгка і светла на душы. Ён нават у думках пагразіў Васілю:

«Нічога, браце, як-небудзь і мы не адстанем. Таксама не лыкам шытыя. І тут не пуста», — ён пастукаў пальцам сябе па ілбе.