Читать «У добры час» онлайн - страница 2

Іван Шамякін

Недалёка ад маста — доўгая сажалка. У Максімавай памяці захавалася многа прыгод, звязаных з ёю. Гэта з даўніх часоў было любімае месца дзяцей, асабліва ў такую пару, бо замярзала яна раней, чым рэчка. І цяпер Максім пачуў звонкі дзіцячы смех і ўбачыў, як за кустамі мільгаюць заячыя шапкі.

Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў.

Хлапчукі, убачыўшы яго, з'ехаліся адзін да аднаго і спыніліся, аб нечым зашапталіся. Ім стала крыху дзіўна: толькі ўчора Лескавец прыехаў дамоў, яшчэ і на вуліцы ні разу не паказаўся, не даў паглядзець на сябе і ўжо едзе ў лес.

— Што, трымае, хлопцы? — весела гукнуў ім Максім.

— Угу! Моцны ўжо! — азваліся яны.

Ён уподбег дагнаў каня, ускочыў на воз, ляснуў пугай.

— Но-о! Варушыся!

Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіну. Церазсядзельнік перавярнуў сядзёлку.

Ззаду грымнуў выбух смеху, ды такі моцны, што, здалося, праваліўся лёд.

— Тпр-ру! Чорт! Смяротнік! — злосна прасіпеў Максім і, адчуваючы, як загараюцца вушы, твар, хутка саскочыў з воза і пачаў аглядаць, што здарылася.

«Стары пень! Не мог даць лепшай збруі. Праз такі хамут слон пралезе, не толькі што гэтая кусюлька. Ну, ну, стой смірна! А то я хутка... Што-ж тут зрабіць з такім хамутом?»

Яго злосныя думкі перапынілі хлапчукі. Яны нечакана з'явіліся перад ім. Чырвоныя твары іх былі сур'ёзныя, паважныя, нібы гэта зусім і не яны толькі што так гучна смяяліся.

— Мо дапамагчы, дзядзька? — ціха спытаў адзін з іх, але Максім убачыў, як ён хітравата падміргнуў сваім сябрам. Лескавец па абліччу пазнаў хлапчука і таксама з хітрасцю спытаў:

— Ты часам не Міхайлы Прымака сын?

— Яго. А што?

— То-та, бачу я — хітры, як бацька.

— А вы гужы перакруціце, яны доўгія, — сур'ёзна параіў другі.

Максім скарыстаў параду і хутка перапрог каня.

Але пакрыўджаны хлопчык рашыў адплаціць яму і, зрабіўшы выгляд, што не звяртае больш на Максіма ніякай увагі, пачаў весела расказваць сябрам:

— А то тут улетку было здарэнне... Адзін начальнік, каторы з раённых, ехаў, дык у яго конь таксама распрогся, за вярбу зачапіў, бо-ж гаспадар храпака задаваў. Дык вось хадзіў ён, хадзіў вакол таго каня... А мы з Сцёпкам гусей пасвілі, у кустах ляжалі. Бачым гэта мы, і я здагадаўся: не можа чалавек запрэгчы. Потым ён нас угледзеў і ідзе да нас... Я і кажу Сцёпку: скажам, што мы таксама не ўмеем запрагаць...

Максіму падабаўся хлопец, і ён, сядаючы на воз, весела засмяяўся.

Хвойнік быў кілометры за два ад рэчкі. Ён цягнуўся доўгай паласой па высокім узгорку і быў не намнога маладзейшы за Максіма. Лескавец помніў, як яго садзілі, каб затрымаць наступ пяску на ўрадлівыя палі, што ляжалі каля рэчкі, пад дубамі. За якіх год пяць хвойнік перарос «Максіма і яго аднагодкаў. А перад вайной гэта быў ужо добры калгасны лясок — любімае месца дзяцей. Ды і старэйшыя часта адпачывалі ў святочныя дні на ўзлеску, дзе побач з хвоямі параслі кучаравыя бярозкі. Паветра ў хвойніку ў летнія дні было духмянае і густое.