Читать «Адзiнота на стадыёне» онлайн - страница 2

Адам Глёбус

* * *

У кубiчным пакоi працягваецца праца. Маладзейшы рабочы час ад часу ўзлазiць на лескi. Тады старэйшы намазвае клеем шпалерыну. Мужчыны ўважлiва правяраюць, каб арнаменты на папярэдне прыклеенай стужцы супалi з арнаментамi наступнай. Пакуль намазваецца чарговая стужка, маладзейшы паспявае пераставiць лескi на паўметра наперад. Старэйшы працуе няспешна ў знойдзеным i замацаваным за гады рытме. Усе аперацыi паўтараюцца i паўтараюцца без вiдавочных змен. Упэўненыя рукi маладзейшага разгладжваюць вiльготную паперу на даволi роўнай плоскасцi кватэрнай сцяны. Перад тым як пачаць намазваць стужку, старэйшы акуратна, каб не расплёхаць, размешвае клей у белым эмалiраваным тазе. У белым вiры круцiцца скажонае адлюстраванне пакоя з яркiм светлым акном.

— Асцярожна! Ты тут асцярожна, каля разеткi. Можа токам ляснуць. Чуеш? — папярэджвае старэйшы.

— Чую. Я i так асцярожна.

— Можа, выкруцiць пробкi? А?

— Не трэба. Я асцярожна. Малыя тэлевiзар глядзяць.

— Глядзi сам. Я папярэдзiў, — старэйшы намазвае чарговую стужку.

— Хопiць. Наступную не намазвай. Гэтую клеiм i — абедаем, — загадвае маладзейшы.

— Добра, амаль палову зрабiлi. А што, дарэчы, на абед? А?

— Грыбны суп, калдуны i кампот з яблыкаў.

— Няблага, як у рэстаране, нават кампот з яблыкаў.

— А я не люблю калдуны. I бульбу не люблю — нi смажаную, нi печанаю, нiякую. Мне лепш есцi хлеб, чым бульбу.

— Аддасi iх мне, я люблю ўсялякую бульбу, нават халодную замест хлеба.

— Не магу, не магу галодным працаваць. Ды ў ядзе я даўно перастаў разбiрацца. Ем усё, што даюць. Люблю не люблю, а ем.

— Мы шмат робiм таго, што не любiм. Ад гэтага нiкуды не падзенешся, — сцвярджае старэйшы рабочы.

— Не падзенешся, гэта то так, — згаджаецца маладзейшы.

У ванным пакоi ўсхвалявана лапочуць неадрэгуляваныя краны. Манатонна, з поўнай адсутнасцю тэмпераменту, мармыча гарачы. Парыпвае, мяняе танальнасцi, павiсквае халодны. Шумiць вертыкальны струмень.

— Скажы "р-р-рыба", — Вова звяртаецца да брата.

— Не хачу.

— Скажы.

— Ну, выба.

— Ужо лепш. Раней была фыба.

— Я навучуся. Пваўда?

— Канечне, навучышся. Абавязкова! — Вова ўстае з крэсла, гладзiць кароткападстрыжаную галаву брата i працягвае гаварыць: — I я раней гаварыў лыба замест рыба. I як сам бачыш, навучыўся.

— А як ты навучыўся? — меншы скiдвае Вовiну руку са сваёй галавы.