Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 16

Адам Глёбус

Але Ракiцкi не толькi любiць свой малапачэсны, хай i модны сягоння ды патрэбны ўчора, занятак рэстаўратара, ён аддадзены яму цалкам, да апошняга свайго масянжовага воласа. У марыве заўсёды гарыць усёпаглынальны агонь рэвалюцыi — нас чакаюць вялiкiя справы. I разам з тым творчы напал Расцiслава Васiльевiча заўсёды змяшчаецца ў непахiсную раму канфармiзму. Верш Басё, нават фальшывы, для Ракiцкага можа быць пазначаны толькi XVII стагоддзем.

3.

У Расцiслава ёсць патаемная мара — пабудаваць уласны дом. I дзе ён нi бывае, у якi далёкi цi блiзкi свет нi выбiраецца, заўсёды ўважлiва агледзiць краявiд i пачынае разважаць. "Вось тут, — вялiкая далонь па-iмператарску акрэслiвае месца, — мог бы стаяць мой дом. Вялiкi, з прасторнымi пакоямi, двухпавярховы, пад спiчастым дахам, крытым чырвонаю дахоўкаю. На другiм паверсе — майстэрня, абавязкова на тры акны, не менш. Чырвоная дахоўка i зелянiна саду — класiка. Тут можна пасадзiць сад. Я люблю грушы. А там, за домам, дзе болей сонца, — гарод..." Вечнае бадзянне па iнтэрнатах, казармах, гатэлях дае ўрадлiвую глебу пад архiтэктурныя фантазii. А калi забегчы наперад, то трэба сказаць, што Ракiцкi i зараз жыве ў невялiчкiм пакойчыку ў iнтэрнаце, што належыць Мiнiстэрству культуры.

Верагодна, што там, дзе-небудзь у стале цi шафе, i хаваецца дзённiк, якi я аднойчы пачытаў без дазволу. Але ж з дазволу дзённiкi чытаюць толькi пасля смерцi, i гэта сумна. Я ж апраўдваў свой учынак прагаю помсты. Толькi, мiж намi, якое гэта апраўданне, так — самападман.

Напярэдаднi Ракiцкi забiў цвiк у маё палатно. Мастакi адразу зразумеюць, што гэта такое. Я напiсаў вялiзную, тры на тры метры, копiю з фрэскi "Жабрак i дзяўчына з сабакам". Мы ладзiлi справаздачную выставу, i копiю трэба было павесiць. Сцены ў саборы, дзе мы працавалi, былi няроўныя, i адзiн рог палатна недарэчна завiсаў у паветры. Ракiцкi працяў палатно i падрамнiк даўжэзным цвiком i ўсё ж прыцягнуў копiю да сцяны. "Дзеля вялiкага i агульнага трэба ахвяраваць дробным i нязначным", — так вытлумачыў Расцiслаў свой учынак. "Усё можна зразумець, але не ўсё можна дараваць", — я зацяўся. Ягонае вялiкае не супала з маiм. А тут якраз сшытак на засланым па-салдацку ложку.

"Прыехалi iнстытуцкiя выкладчыкi. Нават у Мсцiславе, за 300 кiламетраў ад сваiх кватэр i пасад, яны адчуваюць сябе гаспадарамi свету. Сыплюць парадамi, пажаданнямi i адзнакамi, нiбыта шпурляюць манеты жабракам на цвiнтары. (А мне за копiю "Жабрак i дзяўчына з сабакам" паставiлi выдатна. Гэта мiж iншым, цi, як казаў купалаўскi Мiкiта Зносак, "меджду протчым".) Няўжо яны нiколi не зразумеюць, што можна працаваць i не дзеля адзнак, пасад, кватэр?.."