Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 16

Адам Глёбус

Па Руднi доўга хадзiлi розныя плёткi. Казалi i на дрэнажнiкаў, што гэта яны абрабавалi, згвалцiлi i забiлi кухарку. Казалi i па-iншаму, нiбыта кухарка ўцякла з бухгалтарам, якi дрэнажнiкам зарплату прывозiў. Адна зусiм старая баба расказвала якраз тое, што я запiсаў:

— Кадук яе ўзяў, распуснiцу. Гэтая пачвара пахапала б усiх людзей, каб ёй было вольна на гэты свет з'яўляцца, але Бог так зрабiў, што яна сама не мае ўлады над сабою, а чакае, пакуль паклiчуць. Не клiч Кадука!

XVI. ЦЕЛААХОЎНІК

О'kay! Значыць — да сталiцы. А я дарогi люблю. Сядзеш — едзеш. У мяне ўсё жыццё — дарога. Толькi гэта не для газеты. Я адной табе належу, як спяваюць цяпер, Беларусь мая. І больш нi-нi.

Маё жыццё — гэта маё жыццё!

Вось каньяк, бяры адкаркоўвай. Дай сюды. Бачу, не ўмееш. Вось так. Загад — выкананне. Намёк — выкананне. Ён падумаў, а я ўжо раблю. Хто ён? Хто я? Цiха! Не для газеты.

Вось едзем, нi ты мяне не ведаеш, нi я цябе не ведаю. Любата. І знаёмiцца не будзем. Суседзi, спадарожнiкi мы, i дастаткова. Давай, сусед, па маленькай. Як кажуць, "за знаёмства". Ху-у-ух! Лады!

Гэта ж я з памiнак. Брат у мяне быў. Жыў, жыў i памёр. Двое нас было. Я ды ён, i больш нiкога — нi мацi, нi бацькi, нi цёткi, нi дзядзькi. Толькi родны iнтэрнат пад Мсцiславам. Аднаму яму належым, як цяпер спяваюць.

Да войска я за братам глядзеў, я ў салдаты, ён у турму. А ў войску — красата. No problem. Спорт люблю. Ведаеш, як страляю? Восем з дзесяцi. Фiрма! Толькi iдыёт будзе выхваляцца, што зможа дзесяць з дзесяцi зрабiць. А мы не, мы бяром свае восем, i нам больш не трэба. А брат мой узяў у вясковай храме свае пяць гадоў турмы. А я ў войску адхапiў тое, што маю. Целаахоўнiк я. Толькi не для газеты. Папярэджваю!

Мне цяпер што? Я адзiн. І хто сказаў, што ў полi ён не воюш? Ён воюш у полi, нават i адзiн, як раней спявалi.

А з братам мы дамовiлiся, яшчэ як я ў салдаты сыходзiў. Калi хто чырвоную пляму на Месяцы ўбачыць, значыцца — няма ў яго больш брата, адзiн ён застаўся, як вока ў iлбе.

Вось пазаўчора выйшаў я з цiра, галаву ўзняў, а на небе поўня, а на поўнi кроў. На ранiцу выклiкаюць i кажуць, што трымай камандзiроўку i грошы, едзь i хавай па-людску брата свайго. Паехаў i пахаваў. У домакiраўнiцтве выпiў я пляшку каньяку з сантэхнiкамi, яны ж сёе-тое дапамаглi на могiлках. Здаў ключ ад кватэры; ён жа адзiн жыў.

І вось еду. А тут ты. Так што drink за брата майго. І забылiся.

Лепш пра другое.

Пра што два мужыкi павiнны гаварыць? Слушна, пра жанчын. Раскажу пра Пантэру. Пра манекеншчыцу. Фiрмовая дзеўка. На часопiсных вокладках яе face класна глядзiцца. Ды што face? Там такiя ногi — атам. Глянуць i памерцi. А пастава гнуткая, што ў пантэры.

Пазнаёмiлiся мы ў Румынii. Паехалi з вiзiтам, а каб не сумаваць на ўрачыстых вячэрах — прыхапiлi калекцыю нацыянальных строяў. А хто гарсэты ды намiткi будзе дэманстраваць? Ясна хто — дзяўчаткi, прыгажунi нашыя. І ўсе пры справе i ўдзень i ўначы. І ўсе смяюцца. І Пантэра смяялася ўдзень, а ўначы я да яе, а яна мне — no. Тады я ёй цiха-цiха кажу, што болей за мяжу не паедзе. Сказаў i пайшоў у свой нумар. А праз пяць хвiлiн тукi-тукi. І цэлую ноч быў fuck art. Як яна прагiнае спiну, як дапамагае. Талент! Генiй. Я пяць разоў адлятаў.