Читать «Новы дамавікамерон» онлайн - страница 3

Адам Глёбус

— Бегла! — яна скасавурылася на чаравiк. — Думала, зусiм плыткая лужынка. I — на табе, па калена ўскочыла! Ледзь нагу не зламала. Холадна. Трэба выпiць гарэлкi, каб не захварэць.

Кавярнiк звузiў ёдзiстыя вочкi i замовiў трунак сабе i жанчыне з чаравiкам у драпежна-чорных кiпцях.

— Мы каўтаем гарэлку такiмi дозамi, што хутка нап’ёмся "ў дошку", — справядлiва адзначыла жанчына пасля новых пяцiдзесяцi грамаў.

Лiмонавая жаночая шкарпэтка, павешаная на батарэю, выклiкала ў шматлiкiх наведнiкаў "Старога прыяцеля" не толькi здзiўленне, таму Кавярнiк схаваў яе ў кiшэню. Гэта быў апошнi эпiзод, якi мог згадаць Кавярнiк з таго дажджыстага вечара, бо iмжа зацерушыла не толькi на вулiцы, але i ў ахмеленай свядомасцi.

З неверагоднай цяжкасцю Кавярнiк вярнуўся да рэальнасцi i расплюшчыў вочы. Яму давялося вельмi здзiвiцца, што ў ложку ён ляжыць цалкам голы, а побач з iм зусiм голая жанчына з чорнымi пазногцямi на руках i нагах. Найлепшым варыянтам паводзiнаў у гэтай сiтуацыi ён палiчыў пяшчотнае прыставанне да соннай iстоты.

— У-у-у! Зноў ты з чэлесам! Толькi заснулi. Цэлую ноч праштурхалiся, а ты зноў чэлес выставiў.

— Не можа быць! — Кавярнiк прыняў руку з акуратна паголеных складачак похвы.

— Ну ты мяне здзiўляеш! — жанчына наставiла на Кавярнiка вадзянiста-шэрыя вочы. — Ты, можа, скажаш, што не памятаеш, як крычаў у "Старым прыяцелi": "Пайшлi ...бацца!" Фу. Мог бы неяк тактоўней сказаць, а то на ўсю кавярню: "Пайшлi ...бацца!"

— Не можа быць! — Кавярнiка агарнула прыкрасць.

— Ён не помнiць! — жанчына закацiла вочы. — А чаму ў мяне анальная адтулка балiць? Як я не люблю, калi мне чэлес устаўляюць у зад. А ён зрабiў гэта разоў сто за адну ноч i... Ха-ха-ха... Забыўся! Паглядзiце на яго! — жанчына пашукала вачыма ўяўных сведак. — Ты толькi зiрнi на маю дупу. — Яна перавярнулася на жывот, прыўзняла зад i рукамi развяла клубы.

— Успомнiў! — на твары ў Кавярнiка зайграла радасць. — Цяпер бачу, што ў гэтую дажджыстую ноч ты не захварэла i не страцiла цнатлiвасцi.

Жанчына пакрыўдзiлася i нацягнула на галаву ваўняную коўдру.

Кавярнiк пацалаваў жаночыя клубы i пайшоў гатаваць дзве порцыi наймацнейшае кавы.

22.05.1994

4 — Танцорка

Танцорка жыла разам са сваёй спаралiзаванай бабуляю.

Калi да Танцоркi наведвалiся госцi, дык ложак з хворай стогадовай кабетай хаваўся за японскую шырму.

— Яна нiчога не бачыць i не чуе, — выбачалася перад наведнiкамi маладзёнка.

Толькi напружанне зусiм не памяншалася пасля такога выбачэння. Наадварот. Госцi крадком зiркалi за жоўтую, размаляваную ў бамбукавы зараснiк шырму, каб спраўдзiць сказанае i на свае вочы пабачыць выпетранае, падобнае да сухога палявога конiка, цела. Вастраносая галоўка ў белай хустачцы нерухома спачывала на бялюткай падушцы, не раўнуючы — таксiдэрмiчны экспанат. Выгляд накрухмаленай бялiзны астуджваў цiкаўнасць, i госцi вярталiся да накрытага льняным абрусам святочнага стала.

Гэтым разам баляванне ладзiлася з нагоды выхаду ў заходнiм еўрапейскiм свеце кампакт-кружэлкi рок-гурту "Мара", з якiм вельмi шчыльна сябравала Танцорка.