Читать «Новы дамавікамерон» онлайн

Адам Глёбус

Глёбус Адам

НОВЫ ДАМАВIКАМЕРОН

казкi для дарослых

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Новы дамавікамерон: Казкi для дарослых — Мінск: Выдавецтва Літаратура, 1998.

1 — Анёл-1

Анёл з’яўляецца з-за паркана.

Можа, хто з маiх суседзяў i бачыў, як Анёл выходзiць з пад’езда цi як вылятае са слухавога акенца майстэрнi, што некалi належала савецкаму разьбяру, а цяпер — уласнасць нацыянальнага музея. Можа i так. Толькi сапраўдны Анёл уздымаецца з-за жалезабетоннага паркана, на якiм напiсана чырвонае слова НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, з-за таго самага плота, што адгароджвае стары двор ад новабудоўлi.

Спачатку паказваецца анёльская галава: кудзеры доўгiх светлых валасоў вакол вузкага белага твару з тонкiм доўгiм носам ды круглымi сiнiмi вачыма. Потым з’яўляецца шыя з акуратным кадыком i выплываюць плечы, за якiмi можна ўбачыць магутныя крылы.

Можа, хто з маiх знаёмых i сустракаў Анёла ў залатым плашчы цi ў блiскавiчным панцыры мадрыдскага тарэадора. Можа... Але Анёл, якi ўздымаецца з будоўлi, носiць яскрава-чырвоны хiтон. На Анёле доўгi, колеру артэрыяльнае крывi хiтон i больш нiчога. Нават зiмою, у лютыя маразы, Анёл босы. Зрэшты, Анёл не ходзiць па грэшнай зямлi. Ён лунае, планiруе, лётае. Анёл уздымаецца, узносiцца, творыць урачыстасць. Анёл — лётчык ад Бога.

"Мой мiлы таварыш, мой лётчык, — думаецца мне, калi бачу, як над Мiнскам плыве Анёл, — Вазьмi ты з сабою мяне". Толькi ён не здагадваецца пра мае вершаваныя рэфлексii. Анёл не ўмее чытаць чужыя думкi. А я не магу пагаварыць з Анёлам, бо не вывучыў анёльскую мову. Застаецца адно глядзець, як доўгiя лёгкiя пальцы сыплюць з-пад хмараў ружовую яблыневую квецень. У Раi заўсёды ёсць яблыня ў квеценi. I я не бядую, што Анёл не разумее мяне.

Можа, хто з маiх сяброў мае iншыя думкi пра Божага лётчыка. Хай... Толькi даўжыня прамоўленай малiтвы не вызначае шчырасцi веры ў Анёла.

14.09.1994

2 — Тапольнiк

Невялiчкi двор з боку вулiцы адгароджваў фундаментальны паркан з веснiцамi. З другога боку цягнулiся запыленыя шыбы дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Памiж парканам i мэблевым цэхам уклiнiлася двухпавярховая хiмчыстка. Каля ўвахода ў цэх стаяла ўкапаная ў зямлю лаўка. Яе спрэс зрэзалi падлеткi. Найглыбей у дрэва быў ўтоплены надпiс: Мiласлаў + Веранiка.

Яшчэ ў дворыку самоцiлася высознае дрэва, стромкая таполя. Яна расла каля трохпавярховага тарца, якi загароджваў пустэльны двор з чацвёртага боку.

На асветленым тарцы трымцелi празрыстыя, нiбыта разведзеныя вадою, ценi ад галiнаў. Тарэц быў малочна-жоўты, а ценi — сцюдзёна-блакiтныя i нагадвалi рэкi, намаляваныя на контурнай мапе.

На ўзроўнi трэцяга паверха, за галiнамi, хаваўся адзiны гаўбец. Ён жорстка выкрэслiваўся на плоскай сцяне сваiмi чорнымi парэнчамi. Нi вокнаў, нi дзвярэй на тарцы не было, i таму сiметрычна пасаджаны гаўбец выглядаў скульптурна.

На гаўбцы стаялi двое: Тапольнiк i жанчына. Яны палiлi цыгарэты. Ён абапiраўся локцямi на чыгунныя парэнчы. Яна прытулiлася спiнаю да атынкаванае сцяны. Яны палiлi i глядзелi на ледзь заўважнае пагойдванне запыленых галiнак.