Читать «Новы дамавікамерон» онлайн - страница 2

Адам Глёбус

У жанчыны былi цёмныя, нiбыта жнiвеньская лiстота, вочы. Яна мела прыязны пагляд i спакойны твар. Масянжовыя спружынкi валасоў зiхацелi ў вечаровым сонцы. На жанчыне была кароткая спаднiца i лёгкая кашуля, такая белая i празрыстая, што праз яе можна было ўбачыць невялiчкiя грудзi з вострымi смочкамi. Жанчына стаяла на гаўбцы басанож. Ёй было прыемна стаяць на роўным бетоне, якi не паспеў астынуць пасля лiпеньскага дня.

Тапольнiк меў даўгаваты твар, i калi зацягваўся цыгарэтаю, на худых пашчэнках iскрылася аднадзённая шчэць. На Тапольнiку былi палатняная кашуля i пацёртыя джынсы. Ён насiў зусiм кароткую стрыжку, досыць акуратную, але занадта кароткую, i можна было падумаць, быццам яго падстрыглi прымусова. Тапольнiк, як i ягоная жанчына, стаяў на гаўбцы басанож.

Калi б Тапольнiк выцягнуў руку, ён мог бы дакрануцца да ядвабнае лiстоты. Ён здолеў бы дастаць рукою галiну высокай, вышэйшай за трохпавярховы дом, таполi. Калi б ён толькi захацеў, ён нават мог бы зламаць тую галiну — хто ж не ведае, якая крохкая таполя — але Тапольнiк гэтага не зрабiў.

— Таполя — гожае дрэва, — сказаў ён.

— Прыгожае дрэва — мая таполя, — падтрымала размову жанчына.

— У таполi цяжкiя лiсты.

— Цяжкiя лiсты ў таполi.

— У таполi крахольныя галiны.

— Крахоля тапольнае дрэва.

— Крахоля вельмi тапольнае дрэва, — сцвердзiў ён.

— Вельмi-вельмi тапольнае дрэва, — падтрымала яна.

— Па крахоле не ўзлезеш на гаўбец.

— Па крахоле не злезеш з гаўбца.

— Так, бо ў крахолi ненадзейныя тапольныя галiны.

— Такiя тапольныя, што абломяцца, калi ты станеш на iх; яны не вытрымаюць твайго цяжару, яны занадта крохкiя, i калi iх зломiш, яны моцна пахнуць гаркатою i летам.

Тапольнiк расцiснуў недапалак аб парэнчу i кiнуў долу, на чэзлы траўнiк, пад самы камель гонкае таполi. Жанчына зрабiла тое ж. Яны вярнулiся ў пакой. У прасторны пакой з пабеленымi сценамi, з дашчанай нефарбаванай падлогаю, з высокай столлю. Там амаль не было мэблi, толькi палiраваная шафа i разасланы ложак, да якога прытулiўся нiзкi столiк. На iм стаяў эмалiраваны глечык з вадою, шклянка i талерка з яблыкамi папяроўкамi.

Жанчына скiнула спаднiцу i празрыстую кашулю. У яе сапраўды былi невялiкiя грудзi з вострымi смочкамi. Яна не саромелася сваёй аголенасцi, сваiх грудзей i цёмнага трохкутнiка. Яна легла на крухмальную прасцiну.

— Iдзi да мяне, — сказала жанчына.

Тапольнiк лёг побач.

Жанчына прымружыла вялiкiя, цёмна-зялёныя вочы.

18.05.1994

3 — Кавярнiк

Пачаўся халодны дождж.

Кавярнiк прагульваўся па ўзбярэжжы Свiслачы каля Траецкага прадмесця. Ён вырашыў зноў вярнуцца ў кавярню "Стары прыяцель" i выпiць яшчэ адзiн кубачак гарачага напою. Кавярнiк вельмi любiў наведваць невялiчкiя бары i рэстараны ў дождж. Каго толькi не сустрэнеш каля стойкi! I гэтым разам аматар кавы не памылiўся ў разлiках.

— А цi не выпiць нам гарэлкi?

Кавярнiк адчуў спiнаю цёплы дотык жаночых грудзей.

— Давай. — Кавярнiк пагадзiўся на першы кантакт без улiку знешнiх даных партнёркi.

Першы пагляд вочы ў вочы не прынёс нi захаплення, нi расчаравання. Жанчына, што запрапанавалася Кавярнiку, мела шырокую фiгуру, усмешку, поўную белай эмалi, чорны лак на пазногцях i брунатны чаравiк у руцэ.