Читать «Блакітны зніч (Лірычнае)» онлайн - страница 2

Янка Брыль

Я сваю «Марылю» пісаў у асноўным з Горавай Мані, з якою ў маленстве сябраваў у школу разам хадзілі. Дзеўкай яна была i мілавідная, i з пашкоджанай у маёнтку рукою. Але замуж я выдаваў яе прыдумана, няўдаліцу жаніха пісаў з іншага Івана, a ўжо білі яе, як у Парашчыных, сын з мамай. У першым маім зборніку «Апавяданні» было так: «Як толькі пажаніліся, без таты i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся». A ўжо далей — правяраю па двухтомніку 1960-га, — тата быў выкраслены, не памятаю, чаму. I мамай не замяніў яго, як у Парашчыных было, таксама не памятаю, чаму.

A днямі тое касмічна даўняе, пустыннае ўспомніў чамусьці ў тым ідыёцкім варыянце, як яно было, пра што ў абедзвюх вёсках гаварылася. I стала мне па-старэчы, па-бацькоўску востра шкада тую няўдаліцу Віліту, нават i плач яе нібы пачуў у спалучэнні дарослага з дзіцячым...

Можна, відаць, i так: хвараблівая жаласць. Калі тое было, а ты...

Але ж яно само прыйшло!..

* * *

Цяжка чытаю «Розу Мира» Данііла Андрэева.

Над нагрувашчаннем прамудрых разваг i тлумачэнняў скрозь ix i за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы.

Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды i бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць ix разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутлівай смерці?

А потым я вельмі проста сігануў з той старадаўняй далечы ў свой час, у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвайшлі ў кнігу памяці «Я з вогненнай вёскі...», у жахі дарослых i дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта?..

* * *

Немаладая ўжо руплівіца ўчора ўранні зжала ў суседнім агародзе амаль увесь ячмень, a ўвечары, прыехаўшы з пасёлка роварам, з унучкай на раме, ca страху перад вось-вось магчымым дажджом павязала жмені ў снапы, а снапы знасіла i паставіла ў даўно не бачаныя мною мэндлікі.

Убачыўшы ix уранні, успомніў Максіма Танка: вось i тэма яму для настальгічнага верша.

* * *

Чытаю як быццам вясёлыя апавяданні турэцкага сацрэаліста Азіза Несына, а тут за акном, нарэшце, хоць рэдкі дожджык.

«Пакіну кнігу, пайду на ганак ды пачытаю дождж».

Але, гэта не дождж, а дожджык, які — згадалася — «покапал и прошел», i засталася такая ўрачыстая ціш, што кветкі цыніі — гляджу, прысеўшы на ганку, — стаяць на сваіх высокіх сцяблінках так непарушна, што самому хочацца застыць, суцішыцца ў пытанні: а што гэта такое — ці-шы-ня?..

* * *

Чарнавік — справа інтымная, якою хваліцца няёмка.

* * *

У нашым Загоры: «Не тут кажучы», a ў Крынічным сёння пачуў: «Нікому кажучы». Пра нейкую бяду, каб не наклікаць яе.

...Сала ў вёсцы i сёння, як заўсёды было, не малая ўдарная сіла. I ў прыказках гэта жыве. Адразу адна прыгадалася: «Дурны, дурны, а сала хоча!»

...Помніцца маміна: «Усё, канец, i дуды вобземлю!»