Читать «Блакітны зніч (Лірычнае)» онлайн - страница 5
Янка Брыль
Помніцца гэты агляд з узгорка, гэтыя думкі з таго асенняга дня, калі мы, групка i родзічаў, i сяброў, чакалі пахавальнікаў да ямы i труны Анатоля Вялюгіна. Здаецца, не запісана яно, хоць i ўспаміналася за сем гадоў неаднойчы...
* * *
«Ну i памрэш, i свету гэтым не абновіш!..»
Раптам успомнілася i такая народная мудрасць, згода з тым, што i было, i будзе.
* * *
Прыязны журналіст даў мне зняты ім з дыктафона тэкст майго ненапісанага выступлення на адкрыцці апошняга, нечарговага з'езда Саюза пісьменнікаў. Запіс з пэўнымі пропускамі, дзе хлопцу дрэнна пачулася, які мне прышлося падцыраваць сям-там па памяці. Слова тое, як i некаторыя іншыя выступленні, з нейкіх «вышэйшых» меркаванняў, не друкавалася нават у «Літаратуры i мастацтве», i таму захацелася даць яго тут, «лірычным запісам».
«Дарагія сябры!
Друкавацца пачаў я напрадвесні трыццаць восьмага года, у віленскім «Шляху моладзі», у Саюз пісьменнікаў прыняты вясной сорак пятага, першы зборнік апавяданняў выйшаў у канцы сорак шостага. Дзіўна i ледзь не смешна бывае, колькі пражыў перажыў!.. Збоку можа лічыцца, што ўсё было ў асноўным гладка, але ж гэта не так. Выпрабаванняў хапала. Выпрабаванні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту i калібру. Выпрабаванні яўным i тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася «галоўлітам», i рэдактурай, якая была па сутнасці цэнзурай, часамі нават больш паспяхова замяняла яе. Было сякое-такое выпрабаванне славай i адносным дабрабытам, які апраўдваўся не творчымі заслугамі, а меркаваннямі іншага характару. Словам — хапала ўсяго.
Сёння ў нас зноў жа выпрабаванне, можна сказаць, вялікае выпрабаванне нашай жыццяздольнасці, патрэбнасці народу-чытачу. Калі было горш, калі будзе яшчэ горш — невядома. «Давлеет дневи злоба его» — даўно i мудра сказана.
Што я вынес за такі немалы час прысутнасці ў роднай літаратуры, што самае надзейнае, галоўнае для пісьменніка? Гэта радасці творчыя, радасці барацьбы за сумленнае слова, радасці за поспехі сяброў i ўсёй нашай літаратуры. Усё іншае абцярушылася, асыпалася, адышло ў нябыт.
Мы бачым, як адбываецца пераацэнка вартасцей, як нешта адыходзіць бясследна, а нешта застаецца нацыянальным здабыткам i скарбам. Вельмі прыемна, што літаратурай у нас цяпер займаецца непараўнана больш людзей, чым гэта было адразу пасля вайны. Калі нас з Мележам 10 мая 1945 года прымалі ў Саюз, мы былі па ліку, здаецца, сорак трэцім i сорак чацвёртым. Так была вынішчана родная літаратура. Трохі сяброў яшчэ не вярнулася з вайны, а пра тых, якія працавалі ў дваццатых-трыццатых гадах, мы ведалі толькі па асцярожных апавяданнях некаторых старэйшых сяброў...
Успамінаю шчасце майго жыцця, — як я ў прыцемным, цесным пакойчыку сядзеў у нагах раскладушкі, на якой ляжаў недабіты следчымі Кузьма Чорны, а я не прымаў ад яго павучанне, але прычашчаўся захапленнем задачамі літаратуры, красою, вартасцю роднага слова... Пазней мне ў групе маладых сяброў у Каралішчавічах пашанцавала мець гутарку... не, проста слухаць Якуба Коласа, які расказваў нам, як у трыццатых ён тры гады спаў не распранаючыся. Можна сабе ўявіць, які гэта быў сон, якая бяссонніца ў бясконцай катарзе чакання...