Читать «Бліндаж» онлайн - страница 110
Васіль Быкаў
Урэшце па зігзагах хадоў зносін, падаючы і забіваючы, байцы дабраліся да вышыні, і тады Пятрусь убачыў і другую, меншую выспу, аддзеленую ад гэтай неглыбокай седлавінай. Відаць, там яшчэ адбівалася рэшта абаронцаў пераправы, якая таксама адкрылася адсюль разам з няроўнай стужкай ракі. У гэтым канцы пераправы віднелася нейкая вёска, пэўна, Клясцічы, да якіх спяшаліся байцы. У седлавіне свежым полымем гарэў яшчэ адзін танк, а фашысты пад прыкрыццём другога наступалі на выспу. Але, пэўна, яны заўважылі, што ў іхнім тыле здарылася нядобрае, і, коратка перабягаючы, падаліся ўбок, каб выйсці з-пад удару з тылу. Танк, даючы задні ход, раз-пораз бухаў па выспе, і адпаўзаў, прыкрываючы пяхоту. Пятрусь, угледзеўшы гэта, адчуў, што перамога здабыта, і прагавітае жаданне помсты з незвычайнай сілай узгарэлася ў ім. Ён ужо памкнуўся выскачыпь з траншэі і праследаваць адступаўшых, але, спалохаўшыся, што так можна сапсаваць справу, зычна скамандаваў байцам:
– Па пяхоце агонь! Агонь!
Трапіўшы пад двайны ўдар, немцы ўжо зусім спуджана кінуліся назад, многія падалі, і на шляху адступаўшых усё больш заставалася нерухомых зялёных цел. Танк таксама, не спыняючыся, шпарка папоўз па схілу, і тады над той выспай упершыню выніклі з акопаў родныя постаці нашых байцоў. Іх было зусім мала, але яны высыпалі ў седлавіну і беглі сюды, на свае страчаныя і зноў адваяваныя пазіцыі. Яны хутка набліжаліся, і Пятрусь бачыў, як імчаўся да яго маладжавы сержант з акрываўленай марляй на перавязанай шыі. Ён скочыў з бруствера, ледзь не паваліўшы хлопца, і поўны неўгамаванага ўзрушання схапіў Петрусёву руку і закрычаў у ягоны твар:
– Дзякуй, дзякуй вам найвялікшае! Уратавалі вы нас. А там ужо камандзір палка дзівуецца: адкуль такая падмога.
Пятрусь няўцямна пазіраў на радаснага сержанта, але, бадай, зусім не чуў ягоных узрушаных слоў. Толькі цяпер раптоўна зразумеў хлопец, што здзейснілася тое, да чаго рваўся ён у гэтыя пакутлівыя тыдні, і нясцерпная радасць апанавала сержанта. Прысланіўшыся да сцяны траншэі, ён страціў сілы, неяк абвяў, а з вачэй хлопца паплылі нястрыманыя слёзы. I ён не саромеўся гэтых слёз, не спяшаўся выціраць іх, каб не ўбачылі людзі, што ўсё больш напаўнялі траншэю, і яго сэрца, здавалася, разам з ім плакала пякучай крывёю.
Незвычайна перамяшаліся зараз у яго адчуваннях і радасць сустрэчы, і боль перажытых пакут, і невядома, ад таго ці іншага ўсё макрэлі вочы і спазмы хапалі горла. Утуліўшы твар у шаўковыя складкі сцяга і абхапіўшы рукамі дрэўка, ён суняўся так на кароткі нястрымны момант і маўчаў. Але хвіліна расслаблення і болю ўжо прайшла.