Читать «Бліндаж» онлайн - страница 108
Васіль Быкаў
– Управа і ўлева – у ланцуг!
Байцы няўмела неяк разгарнуліся ў выгнуты ў сярэдзіне няроўны ланцуг і пашыбавалі па сенажаці. Пятрусь зноў бег побач з Жукам і без думак у галаве, адной толькі душой адчуваў, што калі яны спозняцца і на гэтую вышыню і, значыць, да пераправы, то сёння іхнія пакуты і намаганні, бадай, скончацца назаўсёды. Не так ужо шмат і людзей і боепрыпасаў, каб у адкрытым полі вытрымаць сутычку з рэгулярным нямецкім войскам.
Тым часам пад грукат бою над полем усходзіла сонца. Прамністае і яркае, яно смела вынікла з-за сіняватай зарэчнай далечы і адразу хлынула на летнія прасторы патокамі зіхатлівага святла. Дол запярэсціў доўгімі палосамі ценяў пагоркаў, куп’я і людзей. Як на далоні, выразны і блізкі стаў той узлесак, з якога цяпер выбеглі людзі, і патануў у зіхатлівым усходнім мараве двухгорбы пагорак. I насустрач яму беглі знясіленыя людзі.
Урэшце сенажаць скончылася, яны дасягнулі падножжа пагорка. Сям-там валяліся ў быльнёгу целы забітых ворагаў, месцамі іх было надта густа, байцы на хаду падбіралі іхнюю зброю і патроны. Ужо блізка на схіле была першая пустая траншэя, да яе і імкнуўся гэты змораны ланцужок, калі ворагі з захопленай вышыні заўважылі іх. Кулямётныя чэргі з лютым фыркатам панесліся паўз галоў байцоў. Пятрусь азірнуўся і, задыхаючыся, крыкнуў свайму ланцугу:
– Кароткімі перабежкамі... наперад!
Людзі пападалі, дзе беглі, і ён упаў локцямі ў калючы асот і некалькі секунд сутаргава дыхаў, не ў стане прасунуцца ні на крок. Але рухацца на вышыню было неабходна: кожная хвіліна несла або смерць або выратаванне. Абдзіраючы локці і калені, хлопец пакутліва падаўся ўгару. Ён кіраваў да абсмыленага танка, які скасабочыўся на адхоне і яшчэ курэў смярдзючым дымам.
Але хлопец туды не дапоўз. Моцны кулямётны агонь прымусіў яго прыціснуцца да зямлі і, заміраючы ад небяспекі, нейкі час ён ляжаў, не адважваючыся узняць голаў. Пятрусь азірнуўся, за ім у дзесяці кроках, гэтак жа прытуліўшыся да зямлі, ляжаў нехта, болей у траве нікога не бачна было. Хлопцу стала страшна: ён зусім не ведаў, што зрабіць, каб як наблізіцца да траншэі. А калі сержант зірнуў назад, на ўзлесак, дык у душу яго шыбануў спалох. Там з’явіліся ўжо нейкія постаці, яны нешта таропка сноўдалі, пэўна, ставілі цяжкую зброю ці яшчэ што рыхтавалі з тылу трапіўшаму ў бяду атраду байцоў.
У гэтую жахлівую безнадзейную хвіліну падпоўз да сержанта руплівы Жук, аднекуль побач з’явіўся Мацейка. Яны пераглянуліся зводдаль, грымоты бою нічога не далі сказаць сержанту, але хлопцы, здаецца, разумелі ўсё. Аднак зрабіць што-небудзь нельга было, па-ранейшаму шчыльны знішчальны агонь слаўся па зямлі.
Сержант усё шукаў у думках якога выйсця з страшнага гэтага становішча, але выйсця не было. Толькі не зважаючы на агонь, імклівым кароткім рыўком здолелі б яны ўдарыць па ворагу і дасягнуць траншэі. Трэба было неяк скалыхнуць, узняць людзей і рушыць іх на апошні ўдар. I сержант тады зноў нагадаў пра свой сцяг, які ўжо не раз дапамагаў яму ў цяжкія часы, на яго была цяпер апошняя надзея.