Читать «Бліндаж» онлайн - страница 111
Васіль Быкаў
Так, здаецца, скончыўся жахлівы шлях яго выпрабаванняў, і цьмяна яшчэ адчувалася хлопцу, што нязбыўная нейкая адмеціна навек адзначылася ў ягонай душы. Нешта вельмі важнае, шматзначнае і ўжо непаўторнае ў жыцці мінулася ззаду. Яшчэ не асэнсаваўшы, Пятрусь ужо добра адчуваў тое, і, вядома, у той час у траншэі не здагадваўся хлопец, што гэта між вялікіх трывог яго маладосці пакутліва нарадзілася чалавечая сталасць і беззваротна адляцела ў нябыт кароткае яго юнацтва.
Прасветлены, супакоены і нібы пастарэлы, Пятрусь паглядзеў на людзей, што моўчкі стаялі ў траншэі абапал яго. Іх было ўжо многа, свае тут перамяшаліся з чужымі, усе спаважна пазіралі на сцяг і сержанта. I хлопец нечакана ўбачыў, што і Жук, які стаяў зводдаль, – сціплы, ціхі, адважны гэты разведчык – таксама нешта вельмі ўжо старанна туліць долу свае прастадушныя вочы, бы што пільна разглядае ў траншэі; заўважыў, што хлопец схуднеў з свайго шырокага непрыгожага твару. Прыкмеціў сержант, як у суседняга з ім віхрастага Мацейкі таксама заблішчэла на бруднай шчацэ расцёртая кулаком сляза, убачыў ён і радаснае ззянне многіх іншых вачэй ягоных байцоў і спагаду ды разуменне на тварах тутэйшых абаронцаў. Але, відаць, не час было вельмі радавацца ці святкаваць перамогу. Не мінула і чвэрці гадзіны, як скончыўся гэты пякельны бой, калі нехта ў траншэі ўстрывожана крыкнуў людзям:
– Глядзіце, глядзіце: немцы ідуць.
Пятрусь адразу ачнуўся, новая трывога адразу ўскалыхнула хлопца, напомніла пра яго камандзірскія абавязкі. Ён паклікаў да сябе Мацейку, таропка згарнуў палотнішча сцяга і сказаў гэтаму ўвішнаму байцу:
– На, нясі, браток. Я ўжо аднасіўся. Знойдзеш камандзіра – перадай...
На развітанне ён пацалаваў запылены, прабіты многімі кулямі шоўк і аддаў сцяг байцу. Яны размінуліся ў вузкай траншэі, на паваротцы Пятрусь у апошні раз з незразумелым сумам азірнуўся на сваю дарагую ношу...
Ён кінуўся даганяць байцоў, якія падаліся да першай траншэі. Зноў агорнуты нялёгкім прывычным клопатам, хлопец глядзеў на лугавіну, дзе яны нядаўна беглі сюды. Цяпер на ўсім гэтым травяністым прасцягу з узлеска ішлі на іх густыя шэрагі чорных эсэсаўцаў. Яны не хаваліся, а спакойна, як на парадзе, плячо ў плячо ішлі па стракатай ад кветак траве – з падкасанымі рукавамі і нарыхтаванай зброяй.
I тады з-за вышыні глуха шчоўкнула ў паветры і цераз галовы байцоў з шархоткім фыркатам праляцела нешта тугое і важкае. Крыху далей эсэсаўскага шэрагу на лузе ў адно імгненне вырас шэры кучаравісты клуб пылу. Ён яшчэ не асеў у паветры, як цераз выспу нетаропка і важна пранёсся новы, гэткі ж шархоткі цяжкі снарад.
Сержант зірнуў на прыціхлых, насцярожаных людзей, на ўзрадаванага Жука і, бадай, упершыню з пачатку вайны замест страху адчуў у сабе спакойную, упэўненую сілу.
– Рота, слухай маю каманду! – голасна скамандаваў ён і, гучна лязгнуўшы, пхнуў у аўтамат новы магазін.
Васіль Быкаў