Читать «Бліндаж» онлайн - страница 106

Васіль Быкаў

– Скажыце, няўжо можна, каб пасля ўсяго, што мы стрывалі, магло здарыцца якое горшае ліха?

– Ну, як сказаць... – ціха разважаў паранены, – здарыцца ўсё можа. Хіба доўга... зноў напароцца дзе... Глядзець трэба... Думаць... Мала сілы – на хітрасць браць... як казаў той...

«Эх, няўжо не ўдасца, няўжо напорамся дзе і загубім усіх, – пакутаваў сержант. – I невядома тады, ці ўдасца зноў выратаваць сцяг!»

Калі вярнуліся разведчыкі, мабыць, было ўжо недалёка да раніцы. Сержант сам замест вартавога сустрэў іх над таполямі – яны моўчкі ішлі па ўзмежку. Перад хлопцам чамусьці спынілася чатыры постаці і, адчуваючы, як зноў трывожна забілася ў грудзях яго сэрца, Пятрусь знарок спакойна запытаў людзей:

– Ну як?

– А вось так, – зморана адказаў малодшы лейтэнант. – Справа швах. Трэба спяшацца.

– Трэба зараз жа ўзнімаць людзей і ісці. Вось чалавек дапаможа, – дадаў Мацейка.

– Ну вы расказвайце па-людску, – нецярпліва перабіў сержант і сеў на дол. Разведчыкі таксама селі. Мацейка і малодшы лейтэнант – бліжэй да камандзіра.

– Справа такая, – пачаў лейтэнант. – Недалёка Дняпро. Нашых да гэтай вёскі, як яе? – звярнуўся ён да невядомага.

– Да Клясціч, – адгукнуўся той.

– Да Клясціч, значыць, нашых на гэтым беразе няма. А каля Клясціч пераправа. З поўдня часці і грузы яшчэ перапраўляюцца на той бок, ну немцы і б’юць захапіць пераправу. Там ідзе люты бой ужо два дні. Сёння штось заціхла, але вось чалавек кажа, яны напёрлі новай сілы і заўтра, пэўна, удараць.

– Так, так, – ажывіўся сержант. – Значыць, заўтра ўдараць на пераправу? А дзе, далёка гэтыя Клясцічы?

– Ды якое далёка – блізка, вярсты з чатыры, – заварушыўся ў цемры незнаёмы.

– Слухай, вось мы яго ўзялі ў праваднікі, – растлумачыў малодшы лейтэнант.

– Так, так, разумею, – задуменна казаў сержант. – Ну што ж! Давай!

Мацейка ўзрадавана ўсхапіўся на ногі.

– Ну вось, я ж казаў. Ударым, лупянём, каб пух-пяро з іх пасыпалася. Яны ў нас пабачаць пераправу. Толькі б час такі выбраць: каб цюцелька ў цюцельку, не раней і не пазней...

Сержант падбег у цемры да Нупрэева і коратка паведаміў яму аб новай задуме. Баец з уласцівай яму стрыманасцю выслухаў Петруся, падумаў крыху і пагадзіўся.

– Толькі глядзі, хлопец, – дадаў ён з долу, – ты камандзір, табе і адказваць за ўсё.

Пятрусь ужо добра адчуваў тую адказнасць, але намер яго ад гэтага не змяніўся. Яны ўсе кінуліся ўзнімаць людзей, і ў сержантавай галаве ўжо несліся новыя думкі – новы запал барацьбы захапіў яго, і ад былых пакут і сумненняў не засталося і следу.

Раздзел трынаццаты

– Шырэй крок, шырэй крок, хлопчыкі, – лагодна і ўзрушана шаптаў у цемру сержант. Яны вельмі спяшаліся, дзядзька, відаць, добра ведаў шлях і жвава вёў атрад лагчынамі, раўкамі, хмызняком, а на ўсходзе ўжо святлела неба. «Хоць бы паспець, хоць бы паспець», – у такт стукам Петрусёвага сэрца мільгала ў галаве ўпартая думка. Трэба было да світання выйсці да гэтых Клясціч і там знянацку ўдарыць у спіну ворага, збянтэжыць яго і прарвацца на пераправу.

Пятрусь шпарка ішоў па сцяжынцы ўслед за начным правадніком, калі нехта ціха гукнуў ззаду. Хлопец азірнуўся – незнаёмы баец даганяў яго.