Читать «Сцюжа» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Не знімаючы з нябожчыка ватоўкі, Азевіч вывалак яго з будана, пад пахі давалок да ямы. Перад тым як апусціць у зямлю, трохі аддыхаўся, паазіраўся. Сняжынкі ўсё раздумна лёталі між галля ў лесавым зацішку, асядалі долу. Бралася на макрэдзь, з начы зяблі яго заўжды мокрыя ногі, боты зусім раскіслі ў балотна-лесавой твані, прэлыя анучы бадай ніколі не прасыхалі. Але і ў Гарадзілава боты былі не лепшыя, падэшва на правым зусім адстала і ледзьве трымалася на пары цвіках у наску. Мусіць, трэба было як развітацца, думаў Азевіч, але ён не ведаў як і марудзіў. Аброслы сіваватаю шчэццю шырокі твар нябожчыка быў на дзіва спакойны, падкрэслена абыякавы да ўсяго, што так непакоіла яго пры жыцці і асабліва ў гэтую жахлівую восень. Але, мабыць, ужо ўсе ягоныя клопаты ззаду, не трэба будзе перажываць за няўдачы з атрадам, за няшчасці, пагібель адных і здраду другіх, недарэчную тую прастуду на балоце, што гэтак неспадзеўкі згубіла ўвогуле здаровага і дужага чалавека. Мабыць, Азевіч быў не дужэйшы за пракурора, але маладзейшы і неяк убярогся, хоць яны тады абое дужа вымаклі ў балоце, пакуль выбраліся на гэты грудок. А Гарадзілаў на другі дзень ужо не падняўся. I цяпер вось — магіла. Памерці ў часе вайны ад хваробы — невялікую, аднак, раскошу нарыхтаваў чалавеку ягоны ваенны лёс.
Стараючыся як мага ашчадней, каб неасцярожным рухам не абразіць нябожчыка, Азевіч апусціў яго нагамі ў яму, затым, прытрымліваючы за руку, паклаў у дно даволі грувасткае цела. Ну во і ўсё. Засталося заграбці зямлёй, можа, зараўняць магілку, каб не пакідаць знаку. А можа, і не: зрабіць надмагільны горбік. Хай будзе відаць, каб не згубілася.
У будане ён ужо заставацца не мог, хоць там было зацішней і больш схоўна, карцела хутчэй пайсці — далей ад гэтага праклятага месца. Ён выцяг з-пад лапніку пракурораву сумку, сваю торбу на почапках, узяў абедзве вінтоўкі. Тут жа валялася шапка нябожчыка — руды, падобны на вайсковы, картуз з самаробным тэкстыльным казырком, і Азевіч насунуў яго сабе на галаву. Сваю картовую кепку, размахнуўшыся, шпулянуў між елак. Трохі падумаўшы, гарадзілаўскую вінтоўку павесіў на елку прыкладам угору — хай вісіць, можа, каму спатрэбіцца. А сам перакінуў цераз плячо рэмень ад міліцэйскага нагана, сумкі, падхапіў сваю вінтоўку. Трэба было ісці.
Вось толькі куды?
Пра тое, куды ісці, яны нямала перагаварылі з таго часу, як асталіся ўдвух, гаварылі яшчэ ў Страшыцкім лесе, па якім іх двойчы ганяла нямецкая жандармерыя. I тады ім здалося, што найлепш зашыцца ў самы непраходны лясны куток, дзе іх ніхто не спаткае і не выдасць. Спярша так і было — іх ніхто не спаткаў, вёскі ўсе засталіся ў старане, за балотам, і яны дзён колькі, не баючыся, палілі ў гушчары вогнішчы, грэліся, сушылі анучы і апратку. Але, на бяду, скончыўся харч, з'елі ўсю бульбу, з хлеба застаўся ўсяго счарсцвелы акрайчык, які яны падзялілі спярша на чатыры часткі, а затым апошнюю яшчэ на тры. Учора Азевіч даеў апошні ўсохлы кавалак, памерам з папяросны пачак. Болей харчу ў іх не было. А голад, як назло, дацінаў усё болей. Натузаўшыся з гэтым пахаваннем, Азевіч да болю адчуваў, як смокча пад грудзьмі, у жываце. Ну але, мабыць, пакуль што прыйдзецца трываць,— суцяшаў ён сябе, да вёскі трэба яшчэ дайсці. На гэты раз ён не палезе ў балота, у балоце цяпер пагібель. Ён скіруе ў іншы бок, можа, больш небяспечны, але што ўжо яму небяспека? Бліжэйшыя вёскі павінны быць на паўдзень ад грудка, Гарадзілаў яшчэ называў якія, але тады яны не мелі пэўных намераў, і Азевіч не запомніў іх. Ведаў толькі, што дзесь недалёка павінны быць Манякі, у якіх жыло некалькі знаёмых калгаснікаў, мабыць, трэба да іх і ісці.