Читать «Сцюжа» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое; мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, затое ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім яны секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.
Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы,— сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвёрдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватай ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж.. I так добра, што ёсць каму закапаць. Яшчэ невядома, ці будзе каму закапаць яго самога...
Вярнуўшыся ў будан, Азевіч укленчыў каля нябожчыка, трохі памарудзіў Мусіць, трэба было зняць ватоўку, нашто закопваць у зямлю? Але куды яму з ватоўкай? Надзенеш ватоўку, тады трэба скідаць шынель, а шынель ён скідаць не хацеў Перамагаючы пэўную няёмкасць, усунуў руку за пазуху пракурору, выцяг адтуль тошчы пацёрты кашалёк, мабыць, з дакументамі, не разгортваючы запіхаў сабе ў кішэню. Палапаў іншыя кішэні ў нябожчыкавым пінжаку — выняў з адной жменю патронаў да нагана, мяккі скураны партабак з рэштаю самасаду, якім яны на днях разжыліся ў дзядзькі на лесавой дарозе. У другой кішэні ён знайшоў брудную насоўку і блакнот з нейкімі напаўсцёртымі запісамі,— усё паклаў сабе за пазуху Апроч таго, пад галавой у Гарадзілава муляла кірзавая сумка з паперамі, побач ляжала вінтоўка і наган у абдзёртай па баках скураной кабуры, і Азевіч падумаў, што, мабыць, усяго грузу будзе для яго залішне. Дзве вінтоўкі яму не трэба, а наган ён, канешне, возьме, наган яму ўжо спатрэбіцца. Як спатрэбіўся Гарадзілаву пасля іх камандзіра — начальніка райаддзела міліцыі Віткоўскага, забітага ля моста на шашы. Тады пад нямецкім агнём толькі і паспелі што зняць гэты наган ды сумку, самога ж Віткоўскага нават не вынеслі з канавы, дзе яго і падабралі немцы. Але, мабыць, Віткоўскаму тады было ўжо ўсё роўна.