Читать «Маладзік над стэпам» онлайн - страница 5

Рыгор Барадулін

ДОМА

Якая радасць у мяне, Калі дадому завітаю! Тут ні адзін не абміне, Пагутарыць i распытае. I як жыццё, i як настрой, I чым я маю пахваліцца... — Зайшоў бы на бліны,— парой Мне кіне цётка-жартаўніца. Суседка ўспомніць, як сама Маю калыску калыхала, Як прыгажэйшае імя Яна мне колісь выбірала. А то заўважыць: паплячэў, Прыгнуўшыся заходжу ў хату. I мімаходзь дадасць яшчэ, Што падрасло дзяўчат багата... 1957

У РОДНАЙ ХАЦЕ

Нарэшце я у роднай хаце, Тут конины шорах песціць слых. Зноў пра жаніцьбу кажа маці Ды пра чужых нявестак злых. Ніжэйшай, меншай стала хата... Будзільніка знаёмы стук... Маленства чарамі багаты У столі кожны цьмяны сук. Мне гэты прыпечак знаёмы I кожны вілачнік сухі, Парог, што ў шлях адзін — дадому Заўжды злучае ўсе шляхі. Парог пасечаны, шурпаты (Зрабіў яго чарнейшым час): Зімой дрывотняй i варштатам Служыў ён удаве не раз. Мне кожны кут тут казак поўны, Ён даражэй для сэрца стаў. I фікус, што я флянцам помню, Упёрся ў столь ілбом ліста... 1957

* * *

Сёння я шчасцем п'яны, Сёння я ўсім расчулен. Чаю чаборам духмяным Мне завары, матуля. Сёння пачуццям цесна, Сёння я ў цуд паверу. Ты заспявай мне песню Аб перапёлцы шэрай,— Як яна з крыкам лятала Ды па-над чыстым полем, Дзетачак дробных шукала, Ды не знайшла ix болей... Сёння я поўны ласкі, Сёння я зноў гатовы Любай з дзяцінства казкі Слухаць чароўныя словы: «Воўк к кавалю прыходзіць: — Чуў, што ты майстра вялікі. Стану табе на выгодзе — Тонкім язык мне выкуй...» Хай калыханкай знаёмай Казка гучыць i песня, Хай жа маленства на момант У сэрцы маім уваскрэсне!.. 1957

БАЦЬКУ

He выйшаў ты i ў гэты раз Мяне спаткаць, паднесці рэчы... Ля весніц толькі зноў твой вяз Крануў галінамі за плечы. Ты мне не падасі рукі, Глядзіш удаль з-за шкла партрэта. Ці бачыш, вырас сын які? Скажы хоць слова для прывета. А я... чакаў з усіх дарог Цябе ў сорак чацвёртым... летам. Калоны ні адной не мог Я прапусціць з ахапкам кветак. Хацелася пачуць: «Сынок...» I крыкнуць радаскае: «Тата!» Бацькоўскім быў мне кожны крок... Усё ішлі, ішлі салдаты... Каторы раз сыходзіў снег... Дамоў вярнуліся суседзі. Я кожнаму насустрач бег I чуў кароткае: «Прыедзе...» Калі ж у крыўдзе мне сябры Гразіліся падчас бацькамі, Тады хацелася наўзрыд Заплакаць шчырымі слязамі. Не плакаў я — усім на злосць, Бо ў хаце быў адзін — мужчына. Не йшоў ты... Маці маладосць Глыбей заворвалі маршчыны. І зараз — еду я здалёк, Чакаю ўсё — зайду, a маці Мне скажа: «Пазиаеш, сынок?.. Вось наша ўся сямейка ў хаце...» Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды здыму Перад магілай невядомай... 1958