Читать «Маладзік над стэпам» онлайн
Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін
МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ
Вершы
Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Маладзік над стэпам: Вершы — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1959. — 108 с.
ВЕЧАР НАД ТАБОЛАМ
* * *
Вагон таварны дрогка тузае. Гарыць, трапеча стэарын. Там жарты заглушае музыка. Тут многіх сон паспеў скарыць. А вецер, дым над дахам сцелячы, Праводзіць у далёкі шлях. Ды нам на шчасце, з поўным, Велічна Дарогу Волга перайшла. I зорным золатам размолатым Шлях млечны неба запыліў. Урал гасцінным рускім волатам Ручнік чыгункі раскаціў. Абапал — па дарожных правілах— Слупы з падпорамі — ў струну, Бы плечы два сябры падставілі, Каб трэці мог далей зірнуць. Нарэшце, вольны стэп... Пякучае, Тут сонца не шкадуе нас. I ўжо гадзіннікі падкручваем Спяшаецца цалінны час. 1957
ЦАЛІННАЯ ПШАНІЦА
З машын спадае хваляю тугой Цалінная пшаніца. Далонь падстаў — спячэ гарачынёй: Тут сонца не скупіцца. Прыгледзься, не пшаніца, а бурштын Бяжыць, адшліфаваны. Хоць наніжы яго ў каралі ты Ды падаруй каханай. 1956
* * *
Б'е пярун прамой наводкай, A маланкі неба крэсляць, Як з Бюро надвор'я зводку Аб бясхмар'і на ўвесь месяц. Вось адна адной на спіны Налягаюць грузна хмары, Вось — прарвуцца, вось — лавінай Дождж нястрымны чохне зараз. На таку усе — з запалам Мы зграбаем зерне ў кучы. Яшчэ й кроплі не упала, A кашулі — хоць выкручвай. Сыпнуў дождж. Пайшоў старацца... Ды ў буртах ляжыць пшаніца.. Каб за моладдзю угнацца, Духу мала, навальніца! 1956
МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ
Цыгаркі круцяць трактарысты. Глядзіць на фары суслік слепа. I маладзік, крамяны, чысты, Растком прарэзаўся над стэпам. А недзе там, на Беларусі, Павіс над борам задумёным, I за сялом ён чуе, мусіць, Як пара шэпчацца пад клёнам. Каб закаханых не бянтэжыць — Хутчэй хаваецца за хмары. А луг мурожны ў росах свежых, I салаўі на ўсім абшары! А недзе там, на Беларусі, Глядзіць азёрам прама ў вочы. Тут на адной назе, як бусел, Стаіць пагрузчык i траскоча. Ліецца шумная пшаніца, Увішна шоргаюць лапаты. На сон i лірыку забыцца Нам сёння трэба — спраў багата. Тут i яму не да забавы, Дармо, што так высока ў небе,— Маладзіку хапае справы: Ен тут, як сонца, нам патрэбен. Над стэпам маладзік бяссонны, Над стэпам маладзак праменны. Працуе ўпоплеч шчыра сёння Ён з намі у начную змену. 1958