Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 48

Ніл Гілевіч

XI.

Галодны чэрвень. Страшны сорак шосты. Аладкі з перамёрзлай бульбы, «суп» З мяцёлак вобаратніку - голы, посны... Шыкуйся, інвалід вайны Якуб! На службу не ўзялі нідзе. У школе Істапніком прапрацаваў зіму. Галоўнае ж, што чым далей, тым болей За Вольку страшна робіцца яму. Не адыходзіць - ні душой, ні сэрцам. Зусім ніякай хэнці да жыцця. Бывае, цэлы дзень перад акенцам Сядзіць, маўчыць, як хворае дзіця. А сёння раніцаю, толькі ўстаўшы, Якуб угледзіў, як яна ўзяла Вяроўчыну і, пад каптан схаваўшы, Як непрытомная, у клець пайшла. Нутром нядобрае пачуўшы штосьці, Ён падхапіўся - і кулём у клець. А ўжо вяроўка на круку... Ад злосці Якуб няшчасную не ўдарыў ледзь. Я к у б Ты што?! Ты што?! Як ты магла такое Уздумаць? Ты наважыла мяне Пакінуць аднаго на полі бою? I памагчы тым самым Сатане?.. В о л ь к а Даруй, Якуб! Даруй! Я не хацела Цябе пакрыўдзіць... Проста ўся душа Даўно сатлела ўжо і ператлела. I не ўваскрэсла, і не адышла... Дзеля чаго мне жыць, браток? Навошта? Ты ж бачыш сам, Якуб! Ты ж бачыш сам! Я к у б Няпраўда! Нельга думаць так бязбожна! Бог чуе нас — і Ён паможа нам! Хадзем адгэтуль! Вядзе яе за руку ў хату. Стань перад іконай I папрасі, каб дараваў Гасподзь, I пакляніся ўголас, што ніколі Не зробіш волі Божай насупроць. Бог даў жыццё табе, як і любому, Каб апраўдала ты ягоны дар, А не рассталася з ім па-дурному, Як нейкая няздара між няздар. Так, нам не цешыцца жыццём-забавай. А для чаго тады, пытаеш, жыць? Для нашай Бацькаўшчыны занядбанай! Каб ёй, забытай Богам, паслужыць! Мы больш сядзець не будзем, рукі склаўшы. Пачнём выводзіць душы на прастор. I для пачатку ў сельскім клубе нашым Арганізуем беларускі хор. Мы ж пець умеем! Ды і песень родных Багата знаем. Вось і развіём Работу. Знойдзем падтрымаць нас згодных - Дзяўчат, жанок, бабуль... I запяём! Сваёй жа песняй беларускай будзем Да Беларусі зваць. Будзіць і зваць! У барацьбе з атрутным словаблуддзем Шмат душ так зможам мы адваяваць. Я ўжо абдумаў гэта ўсё належна. Пара! Пара ўжо штосьці нам рабіць! I пачынаць з найпростага, канешна. Дык як? Бярэмся сцежку церабіць? В о л ь к а Не ведаю, браток... Яшчэ мне цяжка Неспадзяваны план твой успрыняць. Я к у б Ах! Прынясі сюды маю біклажку - Там кропля горкай... Колькі ёй стаяць! Ляпейшай, можа, і не быць нагоды, Чым гэта: значыць, чыста і да дна! За наш пачатак шляху да свабоды! За веру нашу! Каб жыла яна! Каб не ўмірала ў беларускіх сэрцах! Каб у вяках ёй не запалынець!... Ну, а цяпер - у знак яе бяссмерця - Спяём наш беларускі Паланэз. Я к у б і В о л ь к а (пяюць) Край ты наш крывіцкі, родны край! Зямля дзядоў спаконная! Не трэба нам ніякі іншы рай, Апроч цябе, зямля, - зялёная, Блакітная, спакойная. Толькі будзь сама сабой, Заўсёды будзь сабой, Павек вякоў - сабой, Павек вякоў свабоднай будзь, Свабоднай будзь! З няволяю ліхой, Няволяю праклятаю не знайся! Ведай, што Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, - А вера матчына Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе! Край ты наш ліцвінскі, родны край! Навек нам Богам дадзены! Ты толькі вер і помні, вер і знай: Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды – Таму не здрадзім мы! В о л ь к а Чакай! Чакай, Якуб! Машына стала Наўпроць. Ваенныя да нас ідуць. Я к у б Да нас? Якая трасца іх прыгнала? От гады! Песню скончыць не дадуць! В о л ь к а Якуб! Мне страшна. Што ад нас ім трэба? Я к у б Не бойся! Хай сабе ідуць. А мы – Пяём далей! Пяём! Ды так, каб рэха У шыбы дзынкала, як у званы! Пяюць больш голасна і ярасна. Толькі будзь самім сабой, Заўсёды будзь сабой, Павек вякоў сабой, Павек вякоў свабодным будзь, Свабодным будзь! З няволяю ліхой, Няволяю праклятаю не знайся! Энкавэдзісты тым часам зайшлі ў хату. Стаяць і глядзяць недаўменна: маўляў, што яны - звар'яцелі? Ведай, што Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, - А вера матчына Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе страчана... Э н к а в э д з і с т Адставіць песню!.. Я сказаў: адставіць! Вы што — аглухлі? Замаўчаць і ўстаць! Песня абрываецца. Якуб і Волька ўстаюць. Ты - Занямонец? Я к у б Я. А што цікавіць? Э н к а в э д з і с т Маўчаць! Пытаю я, раскурвы маць! Ты з-пад канвою ўцёк у сорак першым? Я к у б Я не ўцякаў. Уцёк ад нас канвой. Пакінуў нас сярод дарогі пешых... Э н к а в э д з і с т Маўчаць! За ўцёкі ўдвоім тэрмін твой! Ты ў школе, што адкрылі фашыстоўцы, Вучыў дзяцей, як Гітлеру служыць? Я к у б Не, я настаўнічаў у роднай школцы, Дзяцей вучыў Радзімай даражыць... Э н к а в э д з і с т Збірайся жыва! Вось на арышт ордэр. В о л ь к а Чакайце! Што ж гэта? Зноў без віны? Ён - інвалід вайны! Герой народа! За што яго? Вы — людзі ці звяры? Э н к а в э д з і с т Маўчаць! Бо і цябе, свіное скрэбла!.. Я к у б Не плач, сястра. Трымайся і трывай. Як бачыш: жыць табе на свеце трэба. Ёсць для чаго. Ну, а пакуль - бывай!..