Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 44

Ніл Гілевіч

IX.

Праз колькі дзён па тым, як на кладах Ванёк з Міронам пахавалі родных, Іх грозны камандзір аддаў загад Аб партызанскіх акцыях смяротных. Каб трохі боль уняць, расслабіць злосць, Ды і каб страхі на людзей аселі – Па вёсках зоны ўсёй, дзе толькі ёсць, - Ліквідаваць калабарантаў сем'і! А каб ахвяры не змаглі ўцячы, Даведаўшыся, што ідзе расправа, - Усіх іх працягом адной начы Схапіць і расстраляць на месцы прама. Мірон, ад шоку адышоўшы ледзь, Увесь яшчэ ва ўладзе смутку й болю, Адчуў, што за бацькоў нявінных смерць I ён гатоў даць гневу сэрца волю. Той дзень чамусьці боль калоў вастрэй. А ўвечары, ужо як згасла сонца, Мірон пачуў, што ў спіску на «расстрэл» Ёсць і сям'я Сцяпана Занямонца. У першы момант ён аслупянеў. «Не можа быць!..» Адчуў, як за грудзінай У страх і жах перарастае гнеў, I кінуўся бягом да камандзіра. Той быў ужо прыклаўшыся крыху – Як і штовечар, ды і ўдзень таксама, I хоць зусім не рады быў Буйку – Прыняў узрушанага партызана. М і р о н Таварыш камандзір, клянуся вам: Яны не вінаватыя! Паверце! К а м а н д з і р Хто? М і р о н Занямонцы! Я іх знаю сам! Няма за што іх прысуджаць да смерці. К а м а н д з і р Ого, як пафасна! Баец Буёк — Адставіць пафас! I прашу запомніць: Мы ўлада тут і знаем кожны крок Любога. Мы не чынім беззаконніц. Ты Занямонцаў ратаваць прыбег. А дзе іх сын? Дзе іх нацдэм зацяты? У партызанах, можа? Немцаў б'е? Ці ўцёк, збаяўшыся суда й расплаты? М і р о н Таварыш камандзір! Іх сын Якуб Не стане немцам слугаваць ніколі! Ён ненавідзіць іх! I быў бы тут, Калі б не тыя тры гады няволі... К а м а н д з і р Адставіць глупства! Вось табе мой сказ: Ты - дрэнны сын: замест таго, каб смерцю За смерць бацькоў спагнаць, ты ў гэты час Спагады просіш здрадніцкай сямейцы! Якая ганьба! Проста стыд адзін! I гэта - лепшы партызан атрада! М і р о н Не здрадніцкай, таварыш камандзір! Не здрадніцкай! У чым і дзе іх здрада?.. К а м а н д з і р Баец Буёк! Кру-гом! І шагам-арш! Ты што - аглух? Ці захацеў пад арышт? Мірон збялеў і задыхнуўся аж: Мацней, чым гэты ўдар пад дых, не ўдарыш. Ён выскачыў са штаба і бягом – Да канавязі, да свайго Гнядога. «Хутчэй, хутчэй, мой конік наўздагон! Каб апярэдзіць! Да бяды нядоўга! Не дам расправу учыніць, не дам! А там - хай будзе ўжо сабе, што будзе! Як што - дык з Волечкаю напалам Падзелім лёс у смерцявой астудзе!..» Без сцежак, нацянькі, праз лес густы, Праз баравіны, выспы і паляны, Ён рваўся, абмінаючы пасты, На Слабаду - злабой і страхам гнаны. I вось ужо абрыс знаёмых стрэх, Знаёмы двор, свіцяцца цьмяна вокны. Мірон кулём з каня, і раптам - стрэл, Услед - другі, і страшны лямант Волькі. Ён на бягу, чаргой кароткай даў Па верхняй шыбіне, вышэй фіранак. Святло пагасла ўміг. З дзвярэй, як здань, Жанчына ў белым выбегла на ганак. М і р о н Ты, Волечка? Хутчэй бяжы! Ўцякай! В о л ь к а Мірон! Мірон!.. Ён іх забіў! Міронка! М і р о н Бяжы, зараначка, бяжы! Бывай! Я затрымаю гэтага падонка! Волька кінулася на загуменне. Гэй, ты, што ў хаце! Я — Мірон Буёк! Ты чуеш там? Выходзь! Страляць не буду! Ты - не патрэбен мне. Выходзь! Праз хвіліну з дзвярэй выходзіць з аўтаматам напагатове Загрэбін. Ванёк! Дык гэта ты іх.... без суда-прысуду? В а н ё к А ты - чаго тут? М і р о н Бог мяне паслаў - Нявінных ратаваць ад рук ад братніх. За што ты іх, Ванёк? Ты ж добра знаў, Што іх віны няма... В а н ё к Ёсць! Сын іх - здраднік!.. * * * Паўзводна, рад у рад, стаіць атрад. Мірон, у споднім, - ад усіх на ўзбоччы. К а м а н д з і р Увага! Смірна! Слухайце загад! «За дызертырства, зробленае ўночы, За прымяненне зброі, каб сарваць Аператыўна важнае заданне, - Байца Буйка Мірона - расстраляць!» Прывесці прыгавор у выкананне!