Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 14

Ніл Гілевіч

ВОСЬ I ЯШЧЭ АДНО ІМЯ

Міхасю Казлоўскаму

Вось і яшчэ адно імя... Апошняе? О, не! Вяртанню іх канца няма У нашай старане. За час няволі чужакі Іх сцёрлі сотні сот, Каб безыменным праз вякі Стаў наш увесь народ. Калі папраўдзе мы сыны Скарынавай зямлі – Мы ўсё адробім, каб яны Павек між нас былі. Мы вернем, мужна і без слёз, Іх душы з небыцця. Якой цаной? Як судзіць лёс – Дык і цаной жыцця! 2000-2002

НЯСМЕРТНЫ ДУХ СЛОВА

Ці гляну навокал, ці памяць крану – I чую і бачу: па гуку, на слову Стараюцца гэрцы пакласці ў труну Маю беларускую мову. Стараюцца! Сотні ўжо гэтак гадоў – Па гуку, па слову, па выразу цэлым — І душаць, і душаць, і зноўку, і зноў, - Каб стаўся наш край анямелым. Ад злосці пры гэтым шалеюць ажно. Аж кожны з іх зекры на лоб вырачае: «Якая жывучасць! Дзе ўсмерцяць адно — Там сем узамен вырастае!» I лезе, і лезе — куды ні паглянь — То гукам, то словам, то цэлай прымоўкай, Як лезе стаквецце на ўлоннях палян Ці ў пойме, цяплынню прамоклай. I гэрцам ужо нехапае разваг: Што здумаць-прыдумаць, каб справіцца з ёю? Ну хоць ты суцэльны будуй саркафаг Над гэтай праклятай зямлёю! Не цямяць чужынцы, не кемяць свае, Што тут не паможа і покрыў бетонны. Любыя прыдумы ўзарве і сарве Нясмертны дух слова бунтоўны! 2001-2002