Читать «Выбар» онлайн - страница 5
Ніл Гілевіч
Цяпер наступныя прапановы. Я думаю, што гэту праграму сёння мы прыняць не можам. Маё меркаванне, як і многіх з тых, што выступілі, паколькі мы ствараем сёння камісію спецыяльную, даручыць камісіі ў вельмі жорсткі, зусім кароткі, сціслы тэрмін дапрацаваць праграму, а затым склікаць зноў нечарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР, хоць сабе і праз месяц, а трэба, дык і раней. Я думаю, калі пытанне ідзе пра жыццё або смерць нацыі, народа, то тут не трэба ні з чым лічыцца і разгледзець, і зацвердзіць праграму, як толькі яна будзе гатова. Я прапаную: наконт усіх тых 508 вёсак, якія значацца ў праграме на адсяленне на тры этапы, трэба паставіць пытанне аб адсяленні жыхароў з тых вёсак неадкладна. Неадкладна! Пры гэтым даверыць, даручыць справу адсялення мясцовым уладам. Я згодзен з таварышам, які выступаў і гаварыў пра тое, што не лічацца з мясцовымі ўладамі: абласнымі, а тым больш раённымі. Даверыць пры гэтым мясцовым уладам разабрацца, якія канкрэтныя вёскі, у якой паслядоўнасці, сёння ці заўтра (там ім на месцы лепш відаць) трэба адсяліць з гэтай тэрыторыі людзей, трэба ратаваць людзей і заспакоіць усю рэспубліку гэтым самым. Калі мы адселім людзей, то праз дзесяткі гадоў гэтыя землі ачысцяцца, стануць зноў прыгоднымі для таго, каб карыстацца імі, дык на іх могуць вярнуцца хоць дзеці ці ўнукі, а так не будзе каму і вярнуцца.
І яшчэ. У сувязі з тым, што, як я ўжо казаў, адна пятая (20 %) тэрыторыі выбыла з карыстання, адпаведна гэтаму трэба знізіць пастаўкі для нашай рэспублікі ва ўсесаюзны фонд. І яшчэ ўлічыць, што мы, астатняя тэрыторыя, ну, скажам так, 80 працэнтаў, бярэ на сябе тых жыхароў, каго трэба карміць, адселеных з адной пятай тэрыторыі. Значыць, адну пятую насельніцтва. Такім чынам, мы павінны прыняць такую пастанову, звярнуцца ва ўсесаюзны ўрад з такім патрабаваннем: знізіць нам працэнтаў хаця б на 30 пастаўкі ва ўсесаюзны фонд.
Наступная мая прапанова. Я падтрымліваю ўсіх тых, хто сказаў, што трэба адклікаць усе сілы нашых будаўнікоў і іншых арганізацый, якія сёння знаходзяцца за межамі Беларусі. Я ўпэўнены, што людзі ў другіх рэспубліках зразумеюць нас, не асудзяць і не палічаць, што мы адыходзім ад прынцыпаў інтэрнацыяналізму. Калі ўвесь Савецкі Саюз будзе ведаць, што ў нас надзвычайная экалагічная сітуацыя,— крыўды на нас не будзе.