Читать «Выбар» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

P.S. Калі артыкул ужо быў набраны, я прачытаў у рэспубліканскім друку публікацыю «Вывады камісіі» — аб выніках работы камісіі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, у якую як дэпутат Вярхоўнага Савета быў уведзены і я. Лічу сваім абавязкам сказаць, што вывадаў камісіі ў такой рэдакцыі, як пададзена чытачам, я не падпісваў. На пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета 14 лістапада, дзе разглядаліся вынікі работы камісіі, мною было адназначна заяўлена, што забарона правядзення «дзядоў» — грубая памылка, якая абярнулася шкоднымі, дэстабілізуючымі для грамадска-палітычнай атмасферы вынікамі.

«УСЕ ЛЮДЗІ ЖЫТА СЕЮЦЬ...»

Выступленне на адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 29 ліпеня 1989 г.

Паважаныя таварышы дэпутаты! У даўняй беларускай песні ёсць такія радкі: «Усе людзі жыта сеюць, а я сваё гора». Сёння мы можам ужо пра ўвесь наш народ, пра ўсіх нас сказаць: «Усе людзі жыта сеюць, а мы сваё гора». Адна пятая тэрыторыі, па прыблізных падліках, а можа ўсё-такі і больш (мы звычайна лічым не ў карысць сабе), забруджана радыяцыяй, але мы на ёй сеем і здабываем прадукт. Мы сеем сваё заўтрашняе гора. Значыць, трэба адумацца, апомніцца і перастаць сеяць на гэтай зямлі гора. У нас і так была цяжкая экалагічная сітуацыя ў рэспубліцы. Цяпер, улічваючы вось гэтую новую бяду, яна ў нас неймаверна ўскладнілася, і я выкажу рад канкрэтных прапаноў.

Мая першая прапанова — аб'явіць афіцыйна, не ведаю, спецыяльнай пастановай Вярхоўнага Савета ці як іначай, але аб'явіць афіцыйна ў рэспубліцы надзвычайную экалагічную сітуацыю. Так і апавясціць увесь свет: мы — рэспубліка надзвычайнай экалагічнай сітуацыі. На доўгія гады. Не толькі на той, забруджанай, тэрыторыі, а па ўсёй рэспубліцы, таму што ўся рэспубліка бярэ на сябе адказнасць і ўвесь груз, і ўвесь цяжар, і ўсю трагедыю, якая здарылася на нашай зямлі, не па нашай віне, як тут гаварылася. Учора і сёння столькі выступіла разумных людзей з такім глыбокім усведамленнем праблемы як драмы і трагедыі народнай, што застаецца здзіўляцца, сапраўды, дзе ж мы ўсе былі раней, чаму толькі праз тры гады мы загаварылі на ўвесь голас і з тым грамадзянскім і чалавечым болем, з якім павінны былі загаварыць у свой час.

Хачу сказаць, што галасы, перш за ўсё, мне гэта вядома, галасы некаторых вучоных, пісьменнікаў, раздаваліся даўно, і гэта былі не проста галасы, а ўсё-такі гэта быў крык, калі хочаце, лямант, што трэба нешта рабіць. Да іх, на жаль, не прыслухоўваліся.

Я ўспамінаю, два гады назад на сустрэчы Бюро ЦК КПБ і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі пісьменнікі гаварылі пра гэта, гаварылі, што гэта праблема надзвычай страшная для нас і трэба яе вырашаць. І вось у сувязі з гэтым немагчыма не сказаць, не ўзняць пытанне пра дэмакратыю і недэмакратыю. Я не буду на ім спыняцца надоўга, але давайце падумаем. Калі б да тых галасоў знізу, з народа, прыслухаліся своечасова, напэўна б, мы раней узяліся за вырашэнне гэтай праблемы. Але, на жаль, мы прывыклі за дзесяткі гадоў старой завядзёнкі: ёсць начальства, яму відней, яно лепш ведае, што рабіць, а мы будзем цярпець. Ну і вось дацярпеліся, усё-такі прыходзіцца рашаць усім нам і ўсяму народу. Я толькі дабаўлю да гэтага, што і ўсім нам, дэпутатам, павінна быць трохі сорамна. Маглі б мы на нашых сесіях даўно падняць гэта пытанне.