Читать «Выбар» онлайн - страница 3
Ніл Гілевіч
Не проста здзіўляе, а паражае тая глухата, што становіцца на шляху шчырых і добрых памкненняў нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі, паражае нейкая адчужанасць, прадузятасць, гатоўнасць загадзя абвінаваціць, замест таго каб прыслухацца. Паражае тон размовы, інтанацыі ўзору 1946-1947 гг. Пайшла спекуляцыя свабодай выказвання думак, г.зв. плюралізмам. Калі чалавека давялі да такога ўзроўню грамадскай свядомасці, што ён публічна, на старонках газеты, прызнаецца ў нянавісці да сваёй роднай мовы,,— дык гэта ж не плюралізм, а звычайнае дзікунства і паталагічная амаральнасць, і калі газета друкуе падобныя заявы без свайго рэдакцыйнага каментарыя, без асуджэння, — значыць, яна пад шырмай плюралізму прапагандуе амаральнасць. Няўжо наша грамадства можа з гэтым мірыцца? Ні ў якім разе! І вядома ж, мы, літаратары, — у першую чаргу абавязаны даваць падобнаму дзікунству бой.
Мы перажываем не проста вельмі цяжкія і трывожныя дні. Драматызм сітуацыі дайшоў да той грані, за якою — або наша маральная перамога і выратаванне гонару беларускай літаратуры, або баязліўскае самапаніжэнне і ганьба. Выпрабоўваюцца нашы сумленне і мужнасць, наша права на павагу сумленных людзей Бацькаўшчыны. Але калі добрыя, сумленныя людзі, поўныя жадання садзейнічаюць перабудове, да нас, пісьменнікаў, ідуць — дык ці трэба трывожыцца? Можа, наадварот, — трэба радавацца, што добрыя, сумленныя людзі яшчэ нам вераць і давяраюць, бачаць у творчай інтэлігенцыі актыўнага абаронцу праўды, справядлівасці, чалавечай годнасці. Я двойчы паўтарыў «добрыя, сумленныя людзі» і зрабіў гэта наўмысна, бо тут таксама ёсць праблема: усякі грамадскі рух за перабудову павінен аб'ядноўваць людзей з чыстым сэрцам. Гэта мы абавязаны помніць і праяўляць прынцыповасць.
Сёння ад пісьменнікаў патрабуецца надзвычай многа, нашы магчымасці хоць і вялікія, аднак жа абмежаваныя. Законаў мы не ўстанаўліваем, указаў не прымаем. Але ўплываць на грамадскую думку, на свядомасць людзей — можам. Значыць, нам і надалей застаецца рабіць тое, што мы можам і што абавязаны рабіць. Спакойна, без нервознасці, але непахісна і ўпэўнена ісці шляхам, якім нас вядзе сумленне і на які нас бласлаўляюць цені нашых вялікіх пачынальнікаў, нашых несмяротных настаўнікаў. А практычна — значыць, пісаць новыя, добрыя творы і як мага часцей гаварыць з людзьмі, з народам. Гаварыць з народам! У народа — сэрца чулае, а розум светлы. Дзе праўда — разбярэцца. І пойдзе за праўдай абавязкова!