Читать «Выбар» онлайн - страница 13

Ніл Гілевіч

Дык вось, на маю думку, дзень 26 красавіка трэба аб'явіць Нацыянальным днём скрухі, ці днём смутку, ці, можа, яшчэ як іначай назваць — больш дакладна, больш адпаведна таму, якім зместам мы яго напоўнім. Мне ўяўляецца, што ў гэты дзень па ўсёй Беларусі будуць праходзіць мітынгі, сходы, маніфестацыі, дзе мы будзем падводзіць вынікі работы па ліквідацыі слядоў аварыі, будзем гаварыць зноў і зноў, чаму гэта трагедыя здарылася і што трэба рабіць, як жыць, каб яна ніколі больш не паўтарылася. Гэтаму ж павінны быць прысвечаны і ўсе ўрокі ў школе, і лекцыі ў інстытутах і універсітэтах. Дзецям і моладзі будзем гаварыць аб тым, як трэба шанаваць жыццё на зямлі, як трэба ставіцца да прыроды, да культуры... Адпаведныя перадачы, з журботнай музыкай, будуць цэлы дзень весціся па радыё і тэлебачанні. Калі хочаце, і ў цэрквах, і ў касцёлах у гэты дзень будуць гучаць адпаведныя казанні, спраўляцца малітвы... Адным словам, я прасіў бы ўсіх падумаць над гэтай прапановай — увядзенне такога дня ў рэспубліцы не перашкодзіць выкананню прынятай сёння праграмы па ліквідацыі вынікаў таго, што мы называем Чарнобылем.

Цяпер — некалькі слоў у абмеркаванне праекта Закона аб выбарах. Асноўныя спрэчкі ў нас ідуць наконт выбараў ад грамадскіх арганізацый. Пытанне гэта няпростае, і на першы погляд ёсць многа «за» — довадаў у карысць такіх выбараў. І аднак жа, калі ўдумацца... Паставім пытанне так: чаму ўзнікла сама ідэя выбараў ад грамадскіх арганізацый? Адказ, відочна, адзін: каб гарантаваць выбранне тых, каго хацелася б бачыць у Вярхоўным Савеце. Іначай сказаць, каб назначыць пэўных асоб у дэпутаты, як гэта рабілася ўвесь час раней, калі выбары былі, па сутнасці, фікцыяй. Вось гэтых, маўляў, «пусцім» па прафсаюзах, вось гэтых — па Камітэту міру, вось гэтых — па Камітэту жанчын і г. д. У аснове такога назначэння ў дэпутаты — боязь, што іначай некаторыя заслужаныя людзі розных прафесій могуць не прайсці. А замест іх могуць прайсці крыкуны, дэмагогі, палітыканы. Я хацеў бы спытаць у прысутных: ці не перабольшаны гэты страх? Па-першае, пэўная колькасць дэмагогаў і палітыканаў усё роўна пройдзе — да іх паслуг 240 выбарчых акруг, так бы мовіць, 240 вакантных месц. Некалькі месц з гэтых 240 яны захопяць. Абавязкова! Хаця б таму, што ў іх будзе багата часу, каб ваяваць за мандат. Пакуль рабочы, або аграном, ці старшыня калгаса будзе думаць, як бы вырвацца хоць бы на адну сустрэчу з выбаршчыкамі, гэты самы дэмагог-кар'ерыст за дзень выступіць 9-10 разоў і з дапамогай хаўруснікаў навярбуе шмат галасоў. Але калі ён сапраўды хітры дэмагог, і не больш,— ён будзе хутка выкрыты, у тым ліку і тут, у гэтай зале, бо тут пераважная большасць людзей дастойных, годных высокага звання народнага дэпутата рэспублікі. Дык ці трэба, я паўтараю пытанне, баяцца, што пройдзе некалькі недастойных? Па-другое, ці такі апраўданы страх, што не будуць выбраны заслужаныя, вядомыя людзі? Напэўна, сёй-той можа не прайсці, не быць выбраным, напэўна. Але тыя, што відочна гараць, як мы кажам, на рабоце, каго людзі паважаюць, цэняць і нават любяць за чалавечыя і дзелавыя якасці, — тыя, напэўна, пройдуць.